От Паулья до «Прорыва»: ушачане потрудились на районном субботнике

Общество

Чарговы масавы суботнік прайшоў у канцы мінулага тыдня ў раёне. І радуе, што аб’ектаў, на якія людзі выйшлі з граблямі, рыдлёўкамі, піламі, аказалася намнога больш, чым было пазначана на гэты дзень раённым штабам па добраўпарадкаванні.

Рыхтуемся да свята

Сярод штатных кропак – дарога да Павулля, на якой выдаленне расліннасці па абочынах вядзецца кожны дзень, а не толькі ў час суботнікаў. Прадстаўнікам ДРБУ-105 выразаць, раскарчоўваць і вывозіць драўніну дапамагаюць лесаводы, газавікі, энергетыкі, сувязісты і камунальнікі.

Акрамя сваёй тэхнікі і прыцягнутай з іншых філіялаў “Віцебскаблдарбуда” пастаянна задзейнічаны маніпулятар, экскаватар і МАЗ з Ушацкага лясгаса і УП ЖКГ. Што рабіць з расліннасцю, вырашаецца на месцы: дрэвы папаўняюць запас для кацельні дарожнікаў, а хмызняк ці вывозіцца, ці там жа засыпаецца. За мінулы тыдзень ачышчана 630 метраў абочын дарогі Вяркуды- Павулле.

Таксама да абласнога свята “Прарыў Перамогі” значныя работы праводзяцца і на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Яны менш энергазатратныя, чым у Павуллі, аднак больш складаныя. Паколькі асноўныя пляцоўкі свята пройдуць менавіта тут, то і абмяркоўваў старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі з кіраўнікамі зацікаўленых службаў моманты, якія трэба ўдасканаліць: дзе яшчэ расставіць тэхніку гасцей, як асвятліць у цёмны час пляцоўку ля партызанскай школы і многія іншыя.

На мемарыяле праводзілася штосезонная ўборка лісця і абрэзка дрэў, на якой шчыравалі супрацоўнікі райвыканкама і культуры, а таксама пачаўся рамонт зямлянак. На некаторых дастаткова праветрывання ды падфарбоўкі, ну а “домік партызанскага побыту” дэманціравалі поўнасцю – згнілі бярвенні і на даху, і на сценах. З улікам дапушчаных памылак (слабай апрацоўкі драўніны) зямлянка будзе заменена на новую.

Кіраўнік раёна і ў гэты дзень, і раней наведваў многія кропкі суботніка і асабліва адзначыў грамадзянскую ініцыятыву людзей. “Вельмі прыемна было назіраць за масавасцю пры навядзенні парадку абапал трасы ў Лутавым Сяльцы два тыдні таму. Вось такім вёскам хочацца дапамагаць. Яны даўно просяць заасфальтаваць іх вуліцу, я памятаю гэта. І хаця ў перспектыўных планах няма падобных тупіковых дарог, толькі транзітныя і запатрабаваныя, пры першай магчымасці мы прыгадаем менавіта пра іх. Я перакананы, што толькі ўласнае жаданне людзей бачыць сваю зямлю прыгожай можа зрабіць яе такой. І расказваючы пра станоўчы прыклад падобных вёсак і грамадзян, мяркую, мы прывучым усіх да парадку”, – падкрэсліў Сяргей Сяргеевіч.

Новыя адрасы чысціні

А вымпел дружнай і дагледжанай вёскі на мінулым тыдні перахапіла Сарочына. Калі б гэта была субота, дык напэўна такім жа масавым як і ў Лутавым Сяльцы аказаўся працоўны дэсант. Аднак і ў пятніцу на запрашэнне старэйшыны Наталлі Раманаўны Тарасевіч адгукнулася больш дзясятка людзей, хаця тэлефанавала жанчына аднавяскоўцам толькі напярэдадні вечарам.

Шчыравалі на мясцовых могілках не па прынцыпе – пакуль не стомімся, а да пераможнага завяршэння. Таму не адзін пот сышоў за дзень, пакуль выразалі абсалютна ўвесь хмызняк, выцягнулі і звезлі яго, выграблі і спалілі смецце. Да вечара гудзелі пілы і трактар Генадзя Брыкуна. З яго дапамогай выцягнулі бетонныя апоры былой агароджы і карані старых дрэў. Паколькі тут жа шчыраваў і старшыня сельвыканкама В.І.Клімашэўскі са сваімі падначаленымі, то ўсе арганізацыйныя моманты закрываліся на месцы. Віталь Іосіфавіч падкрэсліў, што яшчэ на пазамінулым тыдні па ўласнай ініцыятыве велізарную работу па ачыстцы вёскі правялі ў Корсакаве. Там нават старэйшыны афіцыйнага няма, аднак талакой сабралі з паўсотні мяхоў смецця і металалом. Камунгас выдзеліў трактар, і праз некалькі дзён усё пагрузілі і вывезлі.

Не чакалі запрашэння

Звычайна ініцыятарамі суботнікаў на прыдамавой тэрыторыі шматкватэрных дамоў выступае камунгас. Развешвае аб’явы, ставіць прычэп ці нават сваімі сіламі праводзіць яго. Так было і летась па Ленінскай, 19. Жыхары гэтага двара, дзе клумбы ля кожнага пад’езда, аднак адчуваюць праблемы з-за месцараспалажэння. Не раз і не два яны збіралі бутэлькі, кінутыя некім “за вуглом”, і таму крыўднай палічылі незаслужаную мінулагоднюю рэпутацыю бруднага двара. Сёлета яны самі ініцыіравалі суботнік і паспяхова правялі яго адвячоркам у чацвер. Выйшлі сем’ямі Наталля, Генадзь Глінскія і іх маленькая ўнучка Паліна, Ганна, Сяргей і Багдан Бугай, Анатоль Ягоравіч Прашкевіч з нявесткай. Больш за два дзясяткі чалавек і сёння атрымліваюць задавальненне ад зробленага сваімі рукамі.

Прыведзены вышэй прыклад – узор таго, як і павінна быць, так і ўбіраюцца двары неабыякавымі жыхарамі шматпавярховак. Аднак сёлета ў камунгас з просьбай выдзеліць транспарт паступіў пакуль адзіны запыт.

І пасвятлелі вуліцы

Пералічыць усе аб’екты суботніка немагчыма, паколькі разгарнуўся ён на тэрыторыі кожнага прадпрыемства ці ўстановы. Напрыклад, супрацоўнікі Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства бялілі дрэвы і бардзюры ля свайго адміністрацыйнага будынка, камунальнікі ўдзялілі асаблівую ўвагу Калінінскай, а Белдзяржстрах акрамя сваіх плошчаў “прыхапіў” яшчэ і роў каля “Еўраопта”.

Значна павесялелі ад яркай разметкі галоўныя дарогі райцэнтра. Работы кіпелі і на тэрыторыі літаральна ўсіх сельсаветаў. Бачачы супрацоўнікаў ТЦСАН (асноўных памочнікаў Кубліцкага сельвыканкама) ля грамадскіх аб’ектаў Селішча і Кубліч, да іх далучаліся іншыя жыхары ці пачыналі шчыраваць на сваіх сядзібах. Станоўчы прыклад “заразлівы”, мабыць і сапраўды атрымаецца правесці прышчэпку гаспадарлівасці калі не на 100, то хоць на 90 працэнтаў.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *