Як ні стараемся мы праявіць крэатыў пры напісанні артыкулаў пра штогадовую цырымонію ўзнагароджання лаўрэатаў раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне, аднак без паўтораў і штампаў у іх ніяк не абысціся. Напрыклад, фраза “вельмі складана было вызначыць пераможцу ў гэтай намінацыі…” у кожным аповедзе сустрэнецца амаль стапрацэнтна. Ну а што зробіш, калі барацьба сярод намінантаў сапраўды бывае вельмі ўпартай?
Сёлета, напрыклад, Глыбачанскае лясніцтва адваявала ў Сарочынскага званне лепшага прадпрыемства лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўкі з перавагай усяго ў адзін голас. А малады ляснічы Іван Шугалей, які ўзначаліў гэтае падраздзяленне Ушацкага лясгаса толькі летась, прыімчаў на цырымонію літаральна за некалькі хвілін да пачатку – з раніцы разам з калегамі змагаўся з полымем, што падбіралася па сухой траве да ляснога масіву. Так, абавязкаў у кіраўніка лясніцтва шмат, але і дастойны выгляд тэрыторыі з-пад увагі не выпадае. Тут шмат кветнікаў і каляровых каменных кампазіцый, ля насаджэнняў з’явілася дэкаратыўная агароджа, а да навагодніх святаў упершыню зладзілі ілюмінацыю.
А як, скажыце, знайсці новыя эпітэты, каб расказаць пра чарговую перамогу газавікоў у заліку самых добраўпарадкаваных прадпрыемстваў райцэнтра? “Што адметнага зрабілі за год? Абнавілі архітэктурныя формы, пашырылі сваю “кветкавую гаспадарку” – у прыватнасці, завялі розныя сарты каскадных петуній. Да слова, насенне набываем за прэміяльныя сродкі, што нярэдка атрымліваем за прызавыя месцы ў спаборніцтве падраздзяленняў Віцебскаблгаза. Уключаем і фантазію: напрыклад, рэстаўрыравалі старыя вазоны, аплёўшы іх ратангам – атрымалася цудоўна! Як звычайна, ніводны член нашага калектыву не застаецца ўбаку ад справы добраўпарадкавання”, – падзялілася з намі супрацоўніца Святлана Дрозд, якая на працягу шэрагу год з’яўляецца галоўным каардынатарам гэтай маштабнай работы.
Упэўнена трымаюць марку прыгажосці “Лясныя азёры”, Вялікадолецкая СШ і дзіцячы сад №2 гарпасёлка. Сапраўдным упрыгожаннем Ушач стала школа мастацтваў: яе работнікі старанна даглядаюць даволі вялікую тэрыторыю ў самым цэнтры, а летась тут з’явіўся яркі арт-аб’ект, які не толькі радуе вока, а і распавядае пра творчыя напрамкі ўстановы.
Заўсёды самы складаны момант для камісіі – вызначэнне лепшага населенага пункта. У гэты раз асноўная барацьба разгарнулася паміж вялікадолецкім Замошшам, вёскамі Вашкова і Крыжы, а перамога дасталася апошняй. Яна зусім невялікая, не мае нават уласнага старэйшыны, тым не менш усе жыхары арганізаваныя і адказныя. Калі ж мы папрасілі старшыню Сарочынскага сельвыканкама Віталя Клімашэўскага вылучыць самых дбайных гаспадароў, той зазначыў, што ў гэтым выпадку назваць яму давядзецца абсалютна ўсіх!
Што да Вашкова, то хоць і не дастаўся сёлета гэтай вёсцы лаўрэацкі дыплом, але яе жыхар Уладзімір Лешукевіч трапіў у лік гаспадароў самых дагледжаных ветэранскіх падворкаў.
Жыве тут мужчына не так даўно, але паспеў навесці на сядзібе незвычайную прыгажосць! А вось сямейная пара Уладзіміра і Таццяны Байко паспявае плённа працаваць і на вытворчасці філіяла “Ушацкі” “Віцебскаграпрадукта”, і ля свайго дома ў Старым Сяле. Тое ж можна сказаць і пра кублічан Сяргея і Святлану Лабёнкаў. Мы публікавалі артыкул пра гаспадыню, якая ўзначальвае Дом культуры аграгарадка, а яе спадарожнік жыцця вось ужо 24-ы год шчыруе трактарыстам у мясцовым лясніцтве. У кароткай нашай размове Сяргей Васільевіч шчыра прызнаўся, што яму пашанцавала і з працоўным калектывам, і з месцам жыхарства. Іх прыгожы белы дом ведаюць усе ў Кублічах, а сярод адметнасцяў падворка – арыгінальная арка, абвітая вінаградам, самаробныя арэлі з дахам, якія ўмелы гаспадар змайстраваў найперш для ўнукаў, што прыязджаюць з Оршы. Залатыя рукі і ў Ігара Барздзея – пра гэта сведчыць альтанка на сядзібе ў Ліпаўцы, дзе яны з жонкай Марыяй навялі выключную прыгажосць. Гасцінна запрашалі нас у Дубраўку Таццяна і Генадзь Ягоравы: расказвалі пра свае арыгінальныя кветнікі і кампазіцыі, пра фантанчыкі і фігуру аленя, якімі мяркуюць дапоўніць антураж.
Атрымалі мы шчырае запрашэнне і ад Святланы Паповай з Двор Усвеі. “Мы з мужам Алегам усё жыццё адпрацавалі на “Паліміры” і “Шкловалакне”, таму заўсёды марылі набыць домік у якой-небудзь дальняй вёсцы. Доўга яго выбіралі, а калі ўпершыню ўбачылі сваю будучую сядзібу – выглядала яна сумнавата, аднак нават зараснікі баршчэўніку нас не спалохалі, бо вельмі спадабаліся тутэйшыя мясціны. Паступова наводзім тут парадак і нават творчасць развіваем: летась, напрыклад, самі сплялі з лазы аздабленне для кветнікаў, а вось які сімпатычны штучны конік у нас на падворку з’явіўся!” – Святлана Леанідаўна ахвотна дэманструе нам на тэлефоне здымкі сваіх уладанняў. А старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Віктар Шаршнёў тым часам з задавальненнем расказвае пра выдатныя арганізатарскія якасці жанчыны, якая з мінулага года з’яўляецца старэйшынам населенага пункта, – яна і праблемы жыццядзейнасці вяскоўцаў з адпаведнымі службамі вырашыць, і сродкі самаабкладання аператыўна збярэ.
А вось на касарской сядзібе Эвеліны Шпіронак мы ўжо бывалі, калі пісалі артыкул пра гэтую сціплую працавітую жанчыну. “На жаль, некалькі год таму пайшоў з жыцця мой муж, і цяпер галоўнымі памагатымі ў гаспадарцы засталіся сын і дачка, якія прыязджаюць з горада. Дом мы летась падфарбавалі, новыя клумбы з колаў змайстравалі, у нас і трактарок ёсць, каб участак да ладу даводзіць”, – падзялілася з намі Эвеліна Уладзіміраўна.
Пра многае расказалі нам і гаспадары прыгожых падворкаў райцэнтра – тут выбар у камісіі таксама быў надзвычай складаны (і зноў не абысціся без шаблоннага выразу!), бо літаральна кожная вуліца можа дэлегаваць на конкурс сваіх кандыдатаў. У гэты ж раз правафланговай аказалася Піянерская, дзе аж два лаўрэацкія адрасы.
Усе пераможцы атрымалі карысныя падарункі – мікрахвалевыя печы – і канечне, яркія таблічкі, што будуць паведамляць прахожым пра адметны статус сядзіб. З кожным годам іх усё больш на нашых вуліцах – і гэта не можа не радаваць!
Наталля БАГДАНОВІЧ.
Пераможцы раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў,
утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння
Лепшае прадпрыемства (арганізацыя) г.п.Ушачы – Ушацкі раён газазабеспячэння ВУ «Полацкгаз».
Лепшае прадпрыемства лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўкі – Глыбачанскае лясніцтва.
Лепшая ўстанова адукацыі – дзіцячы сад №2 г.п.Ушачы.
Лепшая ўстанова культуры – Ушацкая дзіцячая школа мастацтваў імя Д.У.Крупені.
Лепшая ўстанова аховы здароўя і аздараўлення – санаторый “Лясныя азёры”.
Лепшы аб’ект аграгарадка – Вялікадолецкая сярэдняя школа імя П.У.Броўкі.
Лепшы сельскі населены пункт – вёска Крыжы Сарочынскага сельсавета
Дом узорнага парадку
г.п.Ушачы: Алег Васільевіч і Наталля Генадзьеўна Гардзіёнак (вул.Піянерская,32), Алена Эдуардаўна, Эдуард Гаўрылавіч і Марыя Паўлаўна Верташонак (вул.Піянерская,43), Наталля Леанідаўна Голубева (вул.Ленінская,61).
Вялікадолецкі сельсавет: Віктар Мікалаевіч і Валянціна Мікалаеўна Карчэўскія (в.Касары, вул.Маладзёжная, д.19).
Вяркудскі сельсавет: Таццяна Віктараўна і Генадзь Дзеанісеевіч Ягоравы (в.Дубраўка, вул.Набярэжная, д.8).
Глыбачанскі сельсавет: Алег Селівестравіч і Святлана Леанідаўна Паповы (в.Двор Усвея, д.15).
Жарскі сельсавет: Уладзімір Францавіч і Таццяна Іванаўна Байко (в.Старое Сяло, вул.Заводская,17).
Кубліцкі сельсавет: Сяргей Васільевіч і Святлана Аркадзьеўна Лабёнак (аг.Кублічы, вул.Савецкая, д.16).
Ушацкі сельсавет: Ігар Васільевіч і Марыя Іванаўна Барздзей (в.Ліпавец, вул.Азёрная, д.16).
Лепшы ветэранскі падворак
г.п.Ушачы: Валянціна Іосіфаўна Дунік (вул.Маладзёжная, д.7), Тамара Мікалаеўна Марковіч (зав.Ленінскі, д.3), Генадзь Васільевіч і Дзіна Віктараўна Рубанікі (вул.Дуброўскага, д.2).
Вялікадолецкі сельсавет: Эвеліна Уладзіміраўна Шпіронак (в.Касары, вул.Цэнтральная, д.16).
Вяркудскі сельсавет: Марыя Раманаўна Герцык (в.Дубраўка, вул.Школьная, д.25).
Глыбачанскі сельсавет: Мікалай Віктаравіч і Святлана Пятроўна Міхайлавы (в.Красная Горка, д.36).
Жарскі сельсавет: Уладзімір Іосіфавіч Лешукевіч (в.Вашкова, д.25).
Кубліцкі сельсавет: Галіна Мікалаеўна Селіванава і Аляксандр Аляксандравіч Маёраў (в.Лажане, вул.Цэнтральная, д.3).
Сарочынскі сельсавет: Алег Пятровіч і Алена Анатольеўна Рагавешка (в.Кавалеўшчына, д.24).
Ушацкі сельсавет: Анастасія Фёдараўна Ціханава (в.Папоўка, вул.Цэнтральная, д.13).