Сеялка на полі, як каравай у печы – этап заключны і аптымістычны.
Значыць падсохла зямелька, усталявалася цяпло, ну хаця б адноснае, што падыходзіць самай холадаўстойлівай культуры – аўсу. Менавіта ён першым закладаецца зараз ва ўсіх гаспадарках, а папярэднічае гэтаму адна з самых важных веснавых работ – падрыхтоўка глебы.
Ці восенню паднята ворыва, ці вясной, а пусціць па раллі дыскі і бароны неабходна, каб мяккай была пярына для зярнятак. І менавіта гэта прамежкавае звяно звычайна самае слабае ў пасяўным ланцугу. Не адзін след трэба прайсці і не адным агрэгатам, каб успушыць покрыва, таму на пяты культыватарам і дыскатарам і наступаюць заўсёды сеялкі.
У “Глыбачанах” – таксама, нават з улікам максімальнай выпрацоўкі Сяргея Мікалаевіча Гатоўкі (на здымку). 25 гектар рыхтуе ў дзень, але адзін, таму і запасу пасля праходу сеялкі няма. Хоць абсалютна новым выглядае адрамантаваны шасціметровы дыскатар, а тым не менш і не прыгадаюць, калі яго атрымалі. Проста прыклалі руку глыбачанскія механізатары, каб быў на хаду, а яшчэ і для таго, каб змог забрацца на палеткі. У гэтай гаспадарцы яны самыя нізкія, мокрыя, і таму энерганасычаны трактар з дыскатарам пусцілі ў счэпцы з падвоенымі коламі. Апошнія таксама збіралі самастойна са старых. Наогул менавіта “Глыбачаны” сёлета адзначаліся спецыялістамі райсельгасхарча як самыя вынаходніцкія ў падрыхтоўцы тэхніцы.
⇒ Усяго па раёне пры плане 6083 гектары на 4 красавіка падрыхтавана пакуль 9,9 працэнта глебы.
Вольга КАРАЛЕНКА.