“Мяркую набыць электравеласіпед. Хацелася б даведацца, ці патрэбны для кіравання ім вадзіцельскія правы і дзе – па дарозе ці абочынах – змагу ездзіць?”
На пытанне нашай чытачкі мы папрасілі адказаць начальніка аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Мікалая Леанідавіча ГАЎРЫЛЮКА:
– Патрабаванні да наяўнасці права кіравання электравеласіпедам залежаць ад характарыстык транспартнага сродку. Калі ён мае магутнасць да 250 Вт і не развівае хуткасць больш за 25 км/г, то правы не спатрэбяцца. Асобы, якія кіруюць электравеласіпедам, прыраўноўваюцца да катэгорыі пешаходаў – гэта значыць, перамяшчацца яны могуць толькі па тратуарах і абочынах (не па праезнай частцы!), а ў цёмны час сутак павінны пазначаць сябе і сродак святлоадбівальнымі элементамі.
Калі ж такі транспарт мае магутны рухавік ці здольны развіваць высокую хуткасць (вышэй за ўказаныя паказчыкі), то ён прыраўноўваецца да мапеда. Наяўнасць вадзіцельскага пасведчання катэгорыі АМ у такім разе абавязковая! Для яе атрымання не трэба вучыцца ў аўташколе. Жадаючыя пасля самастойнай падрыхтоўкі могуць прыйсці ў тэрытарыяльнае рэгістрацыйна-экзаменацыйнае падраздзяленне ДАІ і здаць тэарэтычны іспыт. Пры няўдалай спробе паўтарыць тэст дазваляецца праз кожныя 10 дзён. Дарэчы, на такім транспарце нельга развіваць хуткасць звыш 50 км/г. Ну а ездзіць трэба па праезнай частцы.
На сённяшні дзень няма адзінага рэестра або іншай дакладнай крыніцы па мадэлях электравеласіпедаў, іх характарыстыках. Адна і тая ж мадэль можа выпускацца на розных фабрыках у Кітаі і мець розныя параметры па магутнасці і хуткасці. Каб не стаць парушальнікам, не атрымаць штраф, раю перад пакупкай уважліва вывучыць тэхнічныя параметры, пазначаныя ў дакументах. Апошнія пры кіраванні электравеласіпедам заўсёды павінны быць пад рукой – каб пры патрэбе прад’явіць супрацоўнікам ДПС. Захоўвайце правілы дарожнага руху і сачыце за зменамі ў заканадаўчай базе, якая адносіцца да электратранспарту. Ну а калі штосьці засталося незразумелым, прыходзьце за кансультацыяй у аддзяленне ДАІ.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.