Усе падаконнікі ў аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН зараз застаўлены расадай. Пазайздросцяць, напэўна, многія гаспадыні: у зручных для догляду скрынках ды стаканчыках актыўна ідуць у рост каля 300 зялёных адзінак, а гэта 13 гатункаў таматаў і 4 – перцаў.
– Аддалі перавагу ўжо правераным варыянтам, – расказвае інструктар па працоўнай тэрапіі Святлана Фёдараўна Папко. – Штосьці з насення набылі, а штосьці і з нашай цяпліцы летась сабралі. Так, напрыклад, палюбіўся ўсім высакарослы перац “Какаду”, які з-за даўгіх жоўтых і чырвоных пладоў мы называем “Шабляй”. Догляд за ім, канечне, патрабуе намаганняў – некалькі разоў за сезон падвязваем, але ж ураджайнасць і смак – выдатныя. Апошняе можна сказаць і пра перцы “Жоўты апельсін”, “Сібірскі чырвоны”. Памідоры ў нас таксама на любы густ, пераважная большасць – ранніх гатункаў. У іх ліку – “Фітафтораўстойлівы” і “Турбарэактыўны” (самі назвы падказваюць на галоўныя іх перавагі), “Клуша” і “Супер Клуша” (радуюць буйнымі пладамі) і іншыя. Дарэчы, насеннем некаторых падзялілася з намі наведвальніца аддзялення Алена Генадзьеўна Юрчанка, якая да агароднага сезона набывае такую прадукцыю ў сталіцы.
Калі з вашай расадай узніклі праблемы ці захацелі папоўніць уласныя запасы чымсьці новенькім – ніякіх праблем! Вырашчаныя ў аддзяленні перцы ды таматы ў хуткім часе можна будзе набыць, прычым, па невысокім кошце. Выбраць зялёныя кусцікі зможаце самастойна па адрасе: в. Градзянец, вул. Цэнтральная, д.3Б, тэлефон для даведак: 5-99-73.
Дарэчы, зараз тут можна купіць і саджанцы кветак. У цяпліцы ТЦСАН ужо квітнеюць маргарыткі і браткі (анютины глазки).
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: актывістка працоўнай майстэрні па раслінаводстве Галіна Шаўлюга і яе кіраўнік С.Папко.