Мы ўжо друкавалі спісы дамоў, дарог, на якіх сёлета будзе праводзіцца капітальны рамонт. Не менш цікавымі для чытачоў будуць мерапрыемствы раённага плана па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў Ушацкага раёна.

Дзве гульнявыя пляцоўкі мяркуюць устанавіць у дварах вуліцы Віцебскай. Каля 2 тысяч саджанцаў вясной і восенню высадзяць у гарпасёлку і 95 – на трасе Ушачы-Зябкі вакол комплексу “Прарыў” і да павароту на Кублічы. Адрамантуюць ці ўстановяць 14 пляцовак для збору смецця: на Каранеўскага, Віцебскай 1,3, А.Клопава, Першамайскай, а таксама ў Градзянцы, Кублічах, Мосары, Ягадках, Слабадзе, Дубраўцы і 20 дадатковых кантэйнераў, з іх 4 (П.Броўкі і Ленінская, 16) – для раздзельнага збору.
Запланаваны рамонт 19 кіламетраў палатна па гарпасёлку (Савецкая, Кастрычніцкая), Арэхаўне (Лясная, Школьная, Палявая і Садовая), рэканструкцыя 1,9 кіламетра газонаў, знос (па ўсіх сельсаветах) 17 пустуючых дамоў і ліквідацыя ў Строктах і Завыдрыне калодзежаў, што не выкарыстоўваюцца, тампанаж 11 артэзіянскіх свідравін.
Працягнецца абсталяванне зоны адпачынку на возеры Вечалле з будаўніцтвам помніка “Зорачка”, стварэннем гульнявой пляцоўкі, стаянкі для веласіпедаў і аўтамабіляў, малых архітэктурных форм, вогнішчаў (мангалаў), у тым ліку чатырох – на Тартаку. Па просьбе жыхароў з’явяцца лавачкі на беразе ракі Ушача ля касцёла.
Заменяць 40 вулічных свяцільнікаў па Калінскай, па 20 – па Ленінскай і Савецкай, па апошняй (ад загса да дома №2) установяць бардзюры. Запланавана добраўпарадкаванне тэрыторыі ля рынку з пешаходнымі дарожкамі і сквера ля Ленінскай,16 і Савецкай, 23 з фотазонай насупраць загса. Будзе заказвацца праект парка па Ленінскай пры ўездзе ва Ушачы (за “Сантай”). Пакуль што там толькі высаджваюцца дрэвы, а мяркуецца пракласці дарожкі, у тым ліку і веласіпедныя, паставіць лавачкі, стварыць яшчэ адну больш працяглую зону адпачынку. З’явіцца новая альтанка над крыніцай у Сарочыне, а таксама малыя архітэктурныя формы ля дома №26 па вуліцы Фрунзе.
Азнаёмілі толькі з асноўнымі сёлетнімі планамі па добраўпарадкаванні, у якіх таксама магчымы карэкціроўкі. А больш падрабязна папрасілі расказаць галоўнага архітэктара раёна Наталлю Мікалаеўну Круцёнак пра будаўніцтва гарадскіх могілак.
– Яны размесцяцца на плошчы 5 гектараў на 4-м кіламетры шашы Ушачы-Немірова. Каб было больш зразумела – крыху бліжэй і на супрацьлеглым баку ад існуючых могілак вёскі Кавалеўшчына. Праект яшчэ праходзіць экспертызу, таму магчымы пэўныя змены, аднак гэта будуць сучасныя могілкі з сектарамі пахавання на 3761 месца, дарожкамі і праездамі паміж імі, аўтамабільнай стаянкай на 51 месца і 2 аўтобусы, туалетамі, зялёнай и рытуальнай зонамі. Плануецца і аўтобусны прыпынак для грамадскага транспарту. Зразумела, што ніякіх дрэў там не застанецца і будуць выкарчаваны ўсе пні.
Вольга Караленка.