Магчыма многія чытачы, пачуўшы прозвішча “Нікіціны”, узгадаюць папулярны ў былыя гады бардаўскі дуэт, а вось выхавацелі ўшацкіх дзіцячых садкоў дакладна спыняцца на версіі, што размова ідзе пра знакамітых савецкіх педагогаў, якія стварылі сістэму выхавання, накіраваную на развіццё разумовых, творчых, фізічных здольнасцяў з самага ранняга ўзросту. Дарэчы, яны паспяхова апрабавалі яе на сваіх семярых дзецях, якія ўжо ў тры гады ўмелі чытаць.
Зараз усё часцей можна пачуць меркаванні, што савецкая адукацыі мела шэраг пераваг, а яе здабыткі і методыкі годныя і для сучасных умоў.
Барыс Нікіцін прыдумаў і мноства развіваючых гульняў – у тым ліку кубікі, якія ўвекавечылі яго прозвішча. Менавіта выкарыстанне падобных гульнявых дапаможнікаў у якасці сродка пазнавальнага развіцця дашкольнікаў стала тэмай абласнога творчага праекта, які на працягу трох год рэалізоўваўся ў дзіцячым садку №2 г.п.Ушачы. Днямі педагогі і выхаванцы расказалі кіраўнікам устаноў адукацыі нашага раёна, чаго яны дасягнулі за гэты час.
Арганізатары прапанавалі гасцям стаць практыкантамі “Бакалаўрыята дашкольных навук” і паралельна з дзеткамі выконваць розныя заданні. Здавалася б, ну што звышнатуральнага ў наборах кубікаў з каляровымі гранямі? Але малышы ў ходзе прэзентацыі настолькі захапілі дарослых працэсам стварэння розных узораў і канструкцый, што тыя нават не заўважылі, як вярнуліся ў дзяцінства.
Нават “малодшы прафесарскі састаў” – 2-3-гадовыя выхаванцы вопытнага педагога Алены Венядзіктаўны Грышчанкі спрытна складалі па схемах фігуры з 6 кубікаў. Паказалі свае здольнасці і крыху старэйшыя дзеткі выхавацеля Святланы Мікалаеўны Карабань. Канструктары з “праектнага бюро” сярэдняй групы аператыўна спраўляліся з больш мудрагелістымі задачамі. “Васіліса, правер, калі ласка, ці ўсё правільна робяць нашы госці!” – прапанавала дзяўчынцы, якая хутчэй за іншых справілася з заданнем, выхавацель Людміла Цімафееўна Севярын. “Вось тут у крабіка крыху не так трэба. Я зараз дапамагу!” – выправіла памылку бойкая малышка.
Ужо на працягу 30 год кубікі Нікіціна вырабляюцца не толькі ў Расіі і Беларусі, а і ў Германіі, Японіі, іншых краінах. Гульні выкарыстоўваюць у садках і школах, пансіянатах для пажылых людзей як рэабілітацыйны сродак. Як паказала апытанне, у 90 працэнтаў выхаванцаў сада №2 дома ёсць кубікі Нікіціна.
Ну а эксперты старэйшай групы Валянціны Генадзьеўны Віннік павінны былі сабраць складаную трохмерную мадэль, а яшчэ прыдумаць свой узор і намаляваць яго схему. Адметна, што дашкольнікі справіліся хутчэй за дарослых! І ўжо зараз відавочна, што Міраслаў, Цімафей, Захар, Віка маюць задаткі інжынераў-дызайнераў, якія змогуць яшчэ больш развіць у школе, калі пачнуць вывучаць матэматыку, фізіку, чарчэнне…
Як падкрэсліла загадчык установы Людміла Андрэеўна Напрыенка, у рэалізацыі праекта актыўна ўдзельнічалі ўсе выхавацелі, а некаторыя распрацавалі аўтарскія гульні.
А.Грышчанка, напрыклад, прыдумала настольны тэатр “Калабок”, у якім дзеці з дапамогай кубікаў рамантуюць мост для зайца, будуюць плот для мядзведзя і разам з лісой садзяць кветкі. Ствараючы казку, малышы разважаюць, імправізуюць. Захапіў праект і маладых педагогаў установы Анастасію Ладыгіну і Вікторыю Каранеўскую. У час прэзентацыі, выдатны сцэнарый якой, дарэчы, распрацавала намеснік загадчыка Алена Аляксандраўна Банеўская, усім стала відавочна, што агульныя намаганні прынеслі плён.
Каб паказаць, што ў садку развіваюць не толькі інтэлект, дзеткі і музычны кіраўнік Вераніка Васільеўна Герасімава зладзілі для гасцей канцэрт.
Усе дзеці Нікіціных сталі паспяховымі людзьмі – праявілі сябе ў фізіцы, хіміі, журналістыцы, педагогіцы, а адна з дачок з’яўляецца маці-гераіняй. У свае сем’і яны ўзялі многае з таго, што практыкавалі бацькі. Але не ўсё: напрыклад, адмовіліся ад паходу ў школу ў 5 год і “пераскоквання” праз некалькі класаў – усё ж дзяцінства скарачаць не варта!
“Праект завершаны, але творчасць працягваецца! – падводзячы вынікі мерапрыемства, зазначыла загадчык метадычнага кабінета Алена Віктараўна Касіч. – Арыгінальныя задумы рэалізуюцца і ў іншых дашкольных установах раёна. Хутка падобную справаздачу будзе трымаць сад №1 райцэнтра, а ў трэцім і чацвёртым працуюць над праектамі, скіраванымі на дзетак з асаблівасцямі развіцця. Усё гэта дае нам магчымасць рабіць дашкольную адукацыю больш плённай і якаснай”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.