Пра любы населены пункт можна меркаваць па яго знешнім выглядзе. Вуліцы, прысядзібныя ўчасткі і нават прыдарожныя канавы – гэта і ёсць твар вёскі, а, значыць, і мясцовага насельніцтва. У мінулым годзе была распрацавана інструкцыя аб штогадовым раённым аглядзе-конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў, утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння. Вельмі многае сёлета зроблена для таго, каб нашы населеныя пункты былі чыстымі і прыгожымі, праведзена вялікая комплексная работа. Значны ўклад у гэта ўнеслі прадпрыемствы і арганізацыі раёна, а таксама жыхары населеных пунктаў. Заканчваецца год, падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні. Аб гэтым наша гаворка са старшынёй раённага Савета дэпутатаў А.В.ПАШКОВІЧ.
– Алена Васільеўна, многім чытачам, безумоўна, цікава даведацца, па якіх жа крытэрыях вызначаліся пераможцы конкурсу.
– Трэба сказаць, што крытэрыі ацэнкі былі даволі сур’ёзнымі. Напрыклад, пры выбары лепшага сельсавета ўлічваліся выкананне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, утрыманне адміністрацыйных будынкаў і аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, работа па зносе старых і пустуючых дамоў, стан могілак, воінскіх пахаванняў і помнікаў, многае іншае. Пры вызначэнні пераможцаў сярод прадпрыемстваў улічваўся стан адміністрацыйных будынкаў і вытворчых памяшканняў, аб’ём выкананых работ па добраўпарадкаванні на працягу года, наяўнасць кветнікаў, зялёных насаджэнняў, ландшафтных кампазіцый, іншых элементаў дызайну. Пры выбары лепшага населенага пункта звярталася ўвага на агульны яго эстэтычны выгляд, наяўнасць зялёных насаджэнняў, кветак, агароджаў, стан вуліц і дамоў. Складана было вылучыць лепшых у намінацыі “Дом узорнага парадку” і “Лепшае ветэранскае падвор’е”, дзе мелася шмат дастойных кандыдатаў. Тут звярталася ўвага на стан дома і прылягаючай тэрыторыі, агароджы, наяўнасць кветнікаў, дэкаратыўных раслін, дызайн.
– Якім чынам выбіралі кандыдатаў, а затым пераможцаў?
– У сельскіх Саветах дэпутатаў добра ведаюць сваіх жыхароў, а таму падказвалі патэнцыяльных удзельнікаў конкурсу. Свае прапановы таксама маглі выказаць усе жыхары раёна праз спецыяльныя скрыні з надпісам “Дэпутацкая пошта”, размешчаныя ў Доме Саветаў і сельвыканкамах. Сярод прадпрыемстваў і арганізацый разглядалі лепшых з лепшых па вышэй названых крытэрыях. Перш чым выбраць пераможцаў, аб’ехалі ледзьве не ўсе населеныя пункты. Потым раённай камісіяй з 10-ці чалавек на пасяджэнні райвыканкама былі абмеркаваны ўсе кандыдаты і абраны пераможцы конкурсу. Не вызначаліся пераможцы ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі”, паколькі вынікі былі падведзены да новага навучальнага года. А таксама ў намінацыі “Лепшае аддзяленне паштовай сувязі”, паколькі ні адным з іх не быў выкананы комплекс пытанняў, прадугледжаных інструкцыяй конкурсу.
– Для далейшага стымулу, прапаганды станоўчага вопыту навядзення парадку на зямлі прадугледжана матэрыяльная падтрымка ўдзельнікаў конкурсу?
– З раённага бюджэту на ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу сёлета выдзелена 10 мільёнаў рублёў. Пераможцы па намінацыях узнагароджваюцца Дыпломам Ушацкага райвыканкама і каштоўным падарункам. Прыемна, што вяртаецца даўняя традыцыя вызначэння лепшага падвор’я. Акрамя Дыплома і падарунка пераможцы ў гэтай намінацыі атрымаюць шыльду з надпісам “Дом узорнага парадку”.
– Давайце, нарэшце, агучым самае цікавае – пераможцаў па ўсіх намінацыях.
– У намінацыі “Лепшы сельсавет” пераможцам прызнаны Вялікадолецкі сельсавет, “Лепшае прадпрыемства г.п.Ушачы” – філіял “Ушацкае ДРБУ-105” КУП “Віцебскаблдарбуд”, “Лепшае сельскагаспадарчае прадпрыемства” – ПУП “Сарочына”, “Лепшая жывёлагадоўчая ферма” – малочнатаварны комплекс “Завячэлле” ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, “Лепшы машынны двор” – машынны двор ААТ “Ільюшынскі”, “Лепшая ўстанова культуры” – Вялікадолецкі сельскі Дом культуры, “Лепшая ўстанова аховы здароўя” – паліклініка ўстановы аховы здароўя “Ушацкая цэнтральная раённая бальніца”, “Лепшае прадпрыемства гандлю” – магазін №14 “Лясныя азёры” вёскі Вашкова, “Лепшы комплексны прыёмны пункт” – КПП “Вялікія Дольцы”, “Лепшы сельскі населены пункт” – вёска Лісічына Кубліцкага сельсавета, “Лепшы старэйшына” – старэйшына вёскі Белае Сарочынскага сельсавета Рубіс Зінаіда Аляксандраўна. У намінацыі “Дом узорнага парадку” пераможцамі сталі наступныя жыхары Ушаччыны: у гарадскім пасёлку Ушачы – Рубанік Генадзь Васільевіч, Званкоў Аляксандр Міхайлавіч, Ланцунцэвіч Фёдар Антонавіч. Вялікадолецкі сельсавет – Смаляк Генадзь Дзмітрыевіч (аграгарадок Вялікія Дольцы), Вяркудскі сельсавет – Цецярук Міхаіл Фёдаравіч (аграгарадок Вяркуды), Глыбачэнскі сельсавет — Багрэц Галіна Пятроўна (аграгарадок Глыбачка), Жарскі сельсавет – Міхейка Сяргей Сцяпанавіч (вёска Наваселле), Кубліцкі сельсавет – Крывёнак Людміла Іванаўна (вёска Баяршчына), Сарочынскі сельсавет – Спірыдзёнак Ніна Сяргееўна (вёска Чарсцвяды), Ушацкі сельсавет – Барздзей Ігар Васільевіч (вёска Ліпавец). У намінацыі “Лепшае ветэранскае падвор’е” пераможцамі ў г.п.Ушачы сталі Жогаль Зінаіда Еўдакімаўна, Смаляк Мая Ягораўна, Апёнак Ларыса Валянцінаўна, у Вялікадолецкім сельсавеце – Машчонак Надзея Аляксандраўна (вёска Царкавішча), у Вяркудскім сельсавеце – Була Ніна Мікалаеўна (вёска Дубраўка), у Глыбачэнскім сельсавеце – Маслюк Святлана Іванаўна (аграгарадок Глыбачка), у Жарскім сельсавеце – Гваздзёў Мікалай Раманавіч (аграгарадок Ільюшына), у Кубліцкім сельсавеце – Хамёнак Пётр Віктаравіч (вёска Мар’янполле), у Сарочынскім сельсавеце – Каваленка Таццяна Ягораўна (вёска Слабада), ва Ушацкім сельсавеце – Чульба Зінаіда Сцяпанаўна (вёска Новае Сяло).
На святочным мерапрыемстве, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі, былі ўшанаваны і пераможцы конкурсу па добраўпарадкаванні. Дыпломы і падарункі знайшлі сваіх уладальнікаў.