Многія ўшачане ўважліва сочаць за дэбютным для нашай каманды чэмпіянатам вобласці па міні-футболе і цікавяцца рознымі яго аспектамі. “Як сябе адчувае наш ігрок, які атрымаў сур’ёзную траўму ў пачатку сакавіка?”. “Мы добра ведаем нашых футбалістаў, але за ўшацкую каманду гуляюць і незнаёмыя хлопцы. Адкуль яны?” – такія пытанні задалі нам чытачы газеты. І пакуль у турніры паўза перад чвэрцьфіналамі, мы падзелімся з вамі інфармацыяй пра ігракоў, якія дапамагалі “Партызану” трапіць у васьмёрку лепшых дружын рэгіёну.
“Вялікі дзякуй усім, хто за мяне перажывае! Такая падтрымка вельмі прыемная! – зазначыў Віктар Іванковіч у тэлефоннай размове. – Траўма аказалася складанай, але паколькі крыжападобныя звязкі парваліся не цалкам, пакуль вырашылі абысціся без аперацыі. У любым выпадку ў гіпсе давядзецца правесці некалькі тыдняў, а потым насіць артэз (спецыяльны накаленнік). Звычайна футбалісты пасля такіх пашкоджанняў вяртаюцца да трэніровак не раней чым праз 8 месяцаў. Канечне, не пашанцавала, але гэта – футбол! Прынамсі, у сітуацыі ёсць і плюсы: магу праводзіць шмат часу са сваімі двума дзеткамі – старэйшаму тры гады, а малодшай пяць месяцаў. Ну а за матчамі каманды, вядома ж, сачу і радуюся вынікам!”
Віктар родам з Вяркуд, а зараз жыве ў Наваполацку, працуе на “Нафтане” і гуляе за аматарскую каманду “Force”, што ўдзельнічае ў гарадскіх турнірах. У склад гэтай дружыны ўваходзіць і яшчэ адзін нафтанавец Дзяніс Сяржэнка, а таксама Сяргей Малей і Яўген Ярмош, якія праходзяць службу па кантракце ў адной з полацкіх вайсковых частак. Уся гэтая чацвёрка выказала жаданне паспрабаваць свае сілы ў складзе “Партызана”.
Зрэшты, Сяргей і Яўген – выхаванцы ўшацкага дзіцячага футбола: зусім маленькімі прыйшлі ў секцыю і некалькі год трэніраваліся ў Віктара Аляксандравіча Лук’яненкі і Пятра Юльянавіча Варатынскага. “Настаўнікі не толькі паказвалі нам элементы тэхнікі, а і фарміравалі характар, вучылі цалкам выкладвацца на полі і ніколі не здавацца!” – дзеліцца з намі Сяргей. І прыгадвае цікавы эпізод, калі нашы школьнікі паехалі на турнір у Навалукомль, дзе быў вельмі моцны склад удзельнікаў. Ушачанам не шанцавала, яны прайгралі некалькі матчаў, а перад апошнім, с гаспадарамі і фаварытамі, мясцовыя балельшчыкі пачалі падсмейвацца над імі – маўляў, зараз вас тут увогуле па газоне раскатаюць. Дарэмна яны гэта казалі: Сяргей, Жэня і іх сябры ўзлаваліся і разграмілі гаспадароў з лікам 8-0! Фанаты ж ад сораму яшчэ да фінальнага свістку цішком трыбуны пакінулі.
“Хоць і жывём мы зараз у горадзе, з родным пасёлкам сувязяў не парываем і гатовы гуляць за “Партызан” на любых турнірах, тым больш што калектыў у нас цікавы, згуртаваны, ды і падтрымка балельшчыкаў вельмі радуе!” – адзначаюць хлопцы. Умацаваў нашу дружыну і яшчэ адзін навапалачанін Максім Стрыжанок, пра якога мы ўжо расказвалі. Завяршаючы аповед пра “гарадскую дыяспару”, нельга не прыгадаць і ўраджэнца Ушаччыны Андрэя Жаваранка, які жыве ў Полацку, але шмат год вазіў на трэніроўкі да нашага Рамана Фядосенкі свайго сына, ды і сам пастаянна выступае за ўшачан. На гэтым чэмпіянаце яму даручаны абавязкі прадстаўніка каманды.
Наталля БАГДАНОВІЧ.