Новая схема мошенничества: милиция предупреждает об опасных QR-кодах

Профилактика и безопасность

Злодзеі дабраліся да “дамавых чатаў” беларусаў. У пад’ездзе можа вісець аб’ява з QR-кодам для ўступлення ў суседскае абмеркаванне. Абяцаюць рознае: вырашэнне камунальных праблем, пошук рамонтнікаў ці проста знаёмства з тымі, хто жыве побач. І часта гэта – ашуканская схема.

“На Ушаччыне падобных фактаў пакуль не было, аднак да ўсяго трэба быць гатовымі, – сцвярджае начальнік аддзялення крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі Мікалай Баратынскі. – Ашуканцы расклейваюць аб’явы: “Станьце часткай супольнасці суседзяў!” або “Заставайцеся ў курсе важных падзей дома”. Пры гэтым могуць указвацца канкрэтны адрас і нават імя старшыні кааператыва, што спрыяе даверу. Ключавая дэталь – QR-код. Як толькі чалавек яго сканіруе, трапляе на фішынгавую старонку, якая выглядае як афіцыйны сайт Тэлеграм. Тут просяць увесці нумар тэлефона, код з SMS і часам дадатковыя даныя. Як толькі ўсё гэта ўведзена, у ашуканцаў з’яўляецца доступ да вашага акаўнта. Цяпер яны могуць чытаць вашы паведамленні, адпраўляць запыты на перавод грошай ці выкарыстоўваць старонку для іншых злачынных дзеянняў”.

Каб не стаць ахвярай падобнай схемы, трэба пагутарыць з суседзямі, перш чым штосьці сканіраваць. Уключыце двухфактарную аўтэнтыфікацыю: у Тэлеграм гэта функцыя, якая стварае дадатковы ўзровень абароны – нават калі ашуканцы атрымаюць ваш код з SMS, усё роўна не змогуць увайсці ў акаўнт без другога пароля.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *