«Встречная полоса» под прицелом: как ГАИ Ушачского района ловит нарушителей обгона

Профилактика и безопасность

Абгон з выездам на сустрэчную паласу лічыцца адным з самых небяспечных манеўраў і нярэдка становіцца прычынай лабавога сутыкнення аўтамабіляў. Мэту не дапусціць падобных фактаў мела акцыя “Сустрэчная паласа”, якую 21-24 сакавіка Дзяржаўтаінспекцыя праводзіла па ўсёй краіне.

На патэнцыяльна небяспечны ўчастак аўтадарогі Р-46, што ў Вацлавове, з супрацоўнікамі аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС едзем на неслужбовай машыне. Спыняемся на абочыне – аўтамабілісты, колькасць якіх пятнічным днём павялічваецца, падвоху не адчуваюць. Нягледзячы на абмежаваную шматлікімі спускамі і пад’ёмамі, закругленнем дарогі бачнасць, на два аўтобусныя прыпынкі, затрымлівацца ў калоне транспарту многія не жадаюць – ідуць на абгон, не зважаючы на суцэльную лінію.

– Участак, дзе абгон забаронены, не такі працяглы, аднак, як бачыце, не вытрымліваюць вадзіцелі, – зазначае начальнік аддзялення ДАІ М.Л.Гаўрылюк. – Даводзіцца афармляць тут нямала пратаколаў.

Праўда, у той дзень гэтым займаўся іншы супрацоўнік. Пра яго пазіцыю недалёка ад нас аўтамабілісты, па ўсім відаць, былі папярэджаны і пад’язджалі па правілах. Калі ж чулі прэтэнзію пра абгон у забароненым месцы, сцвярджалі, што нічога падобнага не было. Але ж на руках у праваахоўніка ўжо меліся доказы: відэа, знятае з салона нашага аўтамабіля, а для падстрахоўкі – і з відэарэгістратара. Такім чынам, тлумачыць Мікалай Леанідавіч, ажыццяўляецца змешаны кантроль за бяспекай руху, які на Ушаччыне практыкуецца ўсё часцей.

Куды так спяшаюцца людзі, рызыкуючы жыццём? На гэтае пытанне два вадзіцелі з Лепеля і Мінска, якія выехалі на “сустрэчку” з парушэннем правілаў, адказаць не змаглі. У адносінах іх распачаты адміністрацыйны працэс. Дарэчы, санкцыя адпаведнага артыкула прадугледжвае пакаранне не толькі ў выглядзе штрафу ад 2 да 10 базавых велічынь (84-420 рублёў), а і пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі да аднаго года.

ДАІ нагадвае галоўныя правілы абгону:

Разлічыце час і хуткасць выканання манеўру: чым большыя габарыты аўтамабіля, які збіраецеся абагнаць, тым далей трэба праглядаць сустрэчную паласу. Звярніце ўвагу на транспартныя сродкі, якія рыхтуюцца выехаць з другасных дарог. Вадзіцелі, якія паварочваюць направа, звычайна глядзяць толькі налева – аўто, якое ідзе на абгон па сустрэчнай паласе, будзе для іх нечаканасцю. Калі наперадзе вадзіцель зніжае хуткасць, не спяшайцеся яго абганяць: спачатку зразумейце, чаму ён гэта робіць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *