Конкурс дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачыма дзяцей” праводзіцца ў нашай краіне ўжо 27 гадоў. Актыўны ўдзел у ім прымаюць і ўшачане ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў.
Стартуе конкурс з раённага этапу. Сёлета юныя ўшацкія майстры, літаратары, мастакі зноў прадставілі нямала работ у розных намінацыях. Выбраць лепшыя для ўдзелу ў абласным этапе было няпроста.
У папярэднія гады прадстаўнікі нашага раёна неаднаразова займалі прызавыя месцы менавіта ў літаратурных жанрах, сёлета гэта традыцыя прадоўжылася: вучаніца Вялікадолецкай школы Аляксандра Асіпёнак стала трэцяй у намінацыі “Апавяданне”. Журы спадабаўся яе твор “Я б у выратавальнікі пайшла, няхай мяне навучаць!”.
“Больш за 400 работ было прадстаўлена на конкурс, які дазваляе раскрыць здольнасці школьнікаў, павысіць інтарэс да вывучэння бяспекі жыццядзейнасці, папулярызаваць прафесію пажарнага-выратавальніка”, – адзначыў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС С.М.Мялешкін, уручаючы пераможцам дыпломы і падарункі.
Іх работы будуць удзельнічаць у заключным рэспубліканскім этапе.
Вольга Камаркова.