Турыстычны напрамак, якому прысвечаны сакавік, пачаў інтэнсіўна развівацца ў Беларусі адносна нядаўна. Патэнцыял жа ў яго вельмі значны: у савецкія гады наша рэспубліка лічылася зборачным цэхам Саюза і мела на сваёй тэрыторыі вялікую колькасць прадпрыемстваў, а з цягам часу не толькі захавала асноўныя вытворчасці, а і стварыла новыя. Магчыма, нехта скажа – што цікавага ў цэхах і канвеерах? Іншая справа – старажытныя замкі, фестывалі… Вось сёння мы і паспрабуем разабрацца – ці ёсць перспектыва ў прамысловага турызму.
З чаго ўсё пачалося
Масава развіваць прамысловы від сапраўды сталі год 7-8 таму. Але традыцыі ў яго, канечне, больш глыбокія. Ушачане ва ўзросце прыгадаюць, як у школьныя часы хадзілі на экскурсіі на хлебазавод, у друкарню… А вось што кажа наконт вытокаў гэтага напрамку жыхар вёскі Ветча Юрый Акудовіч, які ў свой час быў дырэктарам Беларускага інстытута турызму, прэзідэнтам Турысцка-спартыўнага саюза рэспублікі: “Роданачальніцай прамысловага напрамку я б назваў… Надзею Крупскую. Менавіта па яе ініцыятыве ў 1922 годзе пачалі ствараць цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму і ў тым ліку вадзіць юных грамадзян на заводы і фабрыкі. Вядома ж, іх кіраўнікі не маглі адмовіць жонцы Ільіча і перад экскурсантамі былі адчынены ўсе дзверы. Зрэшты, у больш познія савецкія часы гэты напрамак шырокага развіцця не меў: прамыслоўцы не гарэлі жаданнем бачыць у сваіх цэхах “гледачоў”, да таго ж на многіх прадпрыемствах выраблялася прадукцыя для абаронкі і лішнія вочы былі зусім недарэчы”.
У спісе на афіцыйным партале Нацыянальнага агенцтва па турызме значыцца каля 250 вытворчасцяў, дзе гатовы прыняць экскурсантаў. У нашай вобласці каля 30 такіх прадпрыемстваў.
Юрый Васільевіч з гумарам прыгадвае, як дзесьці ў канцы 90-х па лініі ЮНЕСКА ў нашу краіны прыязджалі амерыканскія дэлегацыі, і яму было даручана арганізаваць для іх займальныя экскурсіі. Цікавых аб’ектаў тады было не так шмат, і ён дамовіўся аб наведванні салігорскай шахты (між іншым, самай глыбокай у Еўропе) і шклозавода “Неман”. Трэба было бачыць твары гасцей, калі ім выдалі шахцёрскія робы і, змерыўшы ціск, сталі спускаць у бездань у хісткай клеці… А як заварожана назіралі яны за жанчынамі ў шырокіх сукенках, што выдувалі шкло! У цэху было горача, а прасторнае адзенне менш ліпла да цела.
З эксклюзіву – у будзённасць
У тыя гады такія экскурсіі былі эксклюзівам, зараз жа наведаць падобныя вытворчасці можа кожны. Дарэчы, ушачанка Марыя Ярмош, для якой турыстычныя падарожжы па Беларусі – адно з любімых хобі, за апошнія гады пабывала на многіх прадпрыемствах і менавіта экскурсію на “Нёман” называе адной з самых цікавых: “Мастацтва стварэння шкляных шэдэўраў, якое з’явілася некалькі тысячагоддзяў таму і ў нашы дні амаль не змянілася, сапраўды заварожвае! Яркія ўражанні пакінуў і Мінскі завод ігрыстых він, дзе можна было не толькі паглядзець за працэсам, а і прадэгуставаць прадукцыю ў спецыяльнай зале” (на здымку).
А вось наша зямлячка Марыя Шаўчэнка, у якой таксама багаты вопыт такіх падарожжаў, вылучыла фабрыку “Віцьба”: “Размах вытворчасці ўразіў: раней думала, што там выпускаюць толькі вафелькі, але ж у лінейцы прадукцыі ёсць і сухія сняданкі, і дэсерты – пасля гэтай паездкі стала пастаянна купляць вырабы віцебскай маркі”.
Мне ж нядаўна давялося пабываць на полацкім “Шкловалакне” – велізарныя цэхі, сотні станкоў, працэсы, у якіх задзейнічаны тысячы работнікаў – гэта ж сапраўдны горад у горадзе!
♦ Цікавы факт:
Адным з самых прывабных тураб’ектаў Еўропы з’яўляецца шахта Вялічка, дзе на працягу 8 стагоддзяў здабывалі каменную соль, а зараз прымаюць сотні тысяч чалавек у год.
Не толькі ўбачыць, а і паспрабаваць
Хоць і сцвярджае прымаўка, што можна бясконца назіраць за тым, як працуе іншы чалавек, яшчэ нядаўна складана было ўявіць, што людзі захочуць плаціць грошы за падобнае. Каб зрабіць экскурсіі захапляльнымі, трэба не толькі ўразіць відовішчам, а і даць магчымасць ацаніць прадукцыю, нечаму навучыцца. У гэтым сэнсе прасцей вытворцам харчовых тавараў. І невыпадкова летась лаўрэатам Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь” у намінацыі “Прамысловы турызм” стала “Камунарка”: мала хто адмовіцца ад падарожжа ў свет прысмакаў, дзе і навінкамі пачастуюць, і з сабой гасцінец дадуць, а яшчэ і навучаць гатаваць шакаладныя дэсерты. За гэта не шкада і 40 рублёў заплаціць. Ушачане расказвалі нам таксама пра цікавыя паездкі на “Аліварыю”, Глыбоцкі кансервавы завод, у шэраг іншых месцаў.
А вось на “БелАЗе” дэгуставаць няма чаго, затое можна ўбачыць самы вялікі грузавік масай 450 тон, занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса: уявіце сабе, калі гэтую машыну паставіць упоперак шашы, яна перакрые ўсе палосы кальцавой дарогі і абочыну. Ёсць тут і вялізны самазвал, на якім катаюць турыстаў. На МТЗ для гасцей зрабілі кабінны тренажор трактара BELARUS 3522 на дынамічнай платформе, дзе можна ўявіць сябе яго кіроўцам. Мінскі гадзіннікавы завод аднавіў музей і за мінулы год прыняў больш 11 тысяч чалавек. У кожным рэгіёне ёсць чым прывабіць: магіляўчане пакажуць працэс вырабу ліфтаў, аршанцы – стварэння льняных тканін, у Касцюковіцкім раёне – як вырошчваюць фарэль, у Дзяржынскім – як гадуюць козачак. Прыцягвае турыстаў нават Наваполацкі біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў – мы расказвалі пра ўражанні пабываўшых там арэхаўскіх школьнікаў.
А што ў нас?
На Ушаччыне турыстаў прымае “Твестуба-ПРА” і робіць гэта бясплатна. Ці плануюць у нас развіваць такі від? “Відавочна, што для непрамысловага раёна гэты напрамак не самы перспектыўны, але мяркую, што патэнцыял можна знайсці заўсёды, – зазначае дырэктар Турцэнтра Ушацкага раёна Дар’я Мілая. – Гасцям, якія прыязджаюць у музей, на “Прарыў” ці ў Бычкі, трэніруюцца на комплексе, адпачываюць у санаторыі, можна прапанаваць, напрыклад, экскурсію ў цэх па разліве безалкагольных напіткаў Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства. У праграме павінна быць дэгустацыя і, магчыма, невялічкі сувенірны набор – думаю, сімвалічны кошт не спыніць экскурсантаў. Гатовы развіваць прамысловы турызм і ва Ушацкім лясгасе. Будзем прапрацоўваць і гэтыя, і іншыя ідэі”.
Статыстыка сведчыць пра рост папулярнасці прамысловага турызму. Летась на прадпрыемствах краіны пабывала 267 тысяч чалавек – на 30 працэнтаў больш, чым у 2023-м годзе. Самым запатрабаваным стаў “БелАЗ”, які прыняў 59 тысяч турыстаў (у 2023 – 51,5), 49 наведалі МТЗ (удвая больш, чым пазалетась), 58 тысяч экскурсантаў пазнаёміліся з вытворчасцямі “Белдзяржхарчапрама”.
* * *
Такім чынам, прыведзеныя факты даюць падставу меркаваць, што прамысловы турызм – справа годная. Па-першае, гэта дзейсная рэклама прадукцыі прадпрыемства, а магчыма, і прыцягненне інвестараў. Па-другое, гэты від мае прафарыентацыйную функцыю. Да таго ж экскурсіі могуць прыносіць гаспадарам даход, а турыстам – яркія ўражанні.
⇒ Як правіла, наведванне заводаў і фабрык магчыма ў складзе арганізаванай групы па папэрэднім запісе, так што перад паездкай варта знайсці сайт ці тэлефоны прадпрыемства і ўсё ўдакладніць. Падкажуць вам цікавы маршрут і ў раённым турцэнтры.
Наталля БАГДАНОВІЧ.