Працоўны дэсант у Лутаве Сяльцы 22 сакавіка быў настолькі масавы, што можна было падумаць: праходзіць раённы суботнік. Тым больш што ўбіралася кустоў’е абапал трасы Ушачы-Полацк – зона абслугоўвання ДРБУ-105. Аднак парадак наводзілі мясцовыя жыхары і дачнікі. Прычым, абсалютна па ўласным жаданні!
“Выязджаем са “сметніка” і вяртаемся таксама. Надакучыла глядзець”, – падумалі ўладальніцы бацькоўскіх сядзіб Вольга Іванова і Ларыса Кашыцкая, стоячы на аўтобусным прыпынку, і звярнуліся з ініцыятывай аб суботніку да старэйшыны вёскі В.В.Федарэнкі. Вялізныя дрэвы зрэзалі і вывезлі раней, а сучча так і засталося. “Угаворваць нікога не давялося, – расказвае Віктар Васільевіч, – Кінулі кліч, сарафаннае радыё разнесла інфармацыю. І бачыце – шэсць дзясяткаў рук”.
Ажно тры чалавекі выставіла сям’я Малочка, узначальваў якую малады Багдан. Такі ж прыклад паказаў і старэйшына, выклікаўшы на дапамогу з Полацка зяця. Мужчынскія рукі пры цяжкіх работах вельмі патрэбны, таму побач з В.Івановай быў дарослы сын. У поўным складзе аказаліся на дарозе пастаянна пражываючыя тут сям’і: Аляксандр і Таццяна Чапельнікавы, Зоя і Міхаіл Стрыжонкі, Уладзімір і Наталля Кляпец. А вось Бухраковы хоць і прыязджаюць у Лутава Сяльцо толькі па выхадных, аднак таксама выйшлі на суботнік. Хіба пару дамоў аказаліся без сваіх прадстаўнікоў…
Глядзела на зладжаныя рухі дружыны з прыемным усведамленнем, як многа можна зрабіць грамадой. Абапал дарогі гарэла пяць вялізных вогнішчаў, у якія ўсё дабаўлялася сучча. Прычым размясцілі іх арганізатары толькі з аднаго, нізіннага боку і з улікам ветру, каб агонь не пабег па траве. Паралельна выграбаліся абочыны, вымятаўся прыпынак. Як мурашы хутка, без перапынкаў працавалі, так што ў пачатку другой гадзіны ўсё закончылі і разышліся на заслужаны абед.
У вёскі шэраг пераваг – зусім блізка як ад райцэнтра, так і да маляўнічага возера. Па гэтай прычыне тут шмат працаздольных, ды і бацькоўскія сядзібы ніхто не кідае. Аднак асноўная перавага ў тым, што яны вельмі дружныя і населены пункт любяць не на словах. За свой кошт і дзякуючы падтрымцы дэпутата Ушацкага сельвыканкама А.Чапельнікава ўстанавілі дзве прыгожыя альтанкі на прыпынках аўтакрамы, восенню зрабілі чарговую падсыпку дарогі. Ну а ля дамоў – традыцыйны парадак, нездарма Лутава Сяльцо прызнавалася самай узорнай вёскай раёна. І хоць вымпел з 2019 года неаднойчы пераходзіў да іншых – статус гэты падтрымліваюць.
“Вось толькі прыпынак аўтобусны трэба адрамантаваць, працякае дах – ад дажджу не схавацца, ды і баяцца людзі там стаяць – бетон зверху сыплецца”, – паказвае В.Федарэнка на старое цаглянае збудаванне. І мяркую, будзе пачуты кіраўніцтвам ДРБУ-105, бо маюць мясцовыя пасажыры на тое маральнае права.
Вольга Караленка.