Здавалася, яшчэ зусім нядаўна кіраваў машынай толькі мужчына. Было сапраўдным цудам убачыць за рулём жанчыну. Цяпер усё змянілася. Калі ідзеш па Ушачах, заўважаеш, што за рулём – усё часцей прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва. Мноства жанчын ужо атрымалі правы, а астатнія ўсур’ёз задумваюцца над гэтым пытаннем. І не важна, колькі жанчыне гадоў, жыве яна ў горадзе ці ў вёсцы. Атрымліваецца сапраўдная жаночая аўтарэвалюцыя!
Лёгка сказаць “сесці за руль”, а як гэта зрабіць на самой справе? Хтосьці з маіх знаёмых здаваў па 3-4 разы ваджэнне, хтосьці заракаўся больш ніколі не браць у рукі руль, а камусьці шанцавала не “стукнуць” машыну суседа ў вузенькім двары і не пачуць на скрыжаванні саркастычнае “А-а-а, баба за баранкай…”
Але жанчына за рулём – гэта ўжо зусім іншая, новая жанчына. Руль дысцыплінуе і дапамагае пераадолець многія комплексы. За рулём не бывае мужчын і жанчын. За рулём – вадзіцель!
Як расказаў нам начальнік вучэбна-курсавога камбіната Ушацкага райсельгасхарча Сяргей Васільевіч Кучаронак, з кожным днём усё больш жанчын прыходзяць на курсы ваджэння. І зараз большая частка навучэнцаў – менавіта прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва. Узрост – самы розны: ад 18 і за 60. Неяк у нас павялося, што ў жанчын не хапае часу на вучобу ў аўташколе, таму некаторыя і прыходзяць за пасведчаннем, калі настаў час заслужанага адпачынку. Экзамены жанчыны здаюць часам нават лепш за мужчын. Яны больш адказныя – напэўна, таму ў іх і не паўстае з гэтым праблем.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
курсанткі вучэбна-курсавога камбіната.