Год благоустройства в действии: на Ушаччине прошёл районный субботник

Общество

На мінулым тыдні на Ушаччыне распачаліся раённыя суботнікі, якіх будзе нямала. Падчас такіх мерапрыемстваў мы грамадой “падымаем” вельмі важныя і вялікія аб’екты, свае, ушацкія, на якія не закладаюцца бюджэтныя сродкі. Так будаваліся зямлянкі на мемарыяльным комплексе і добраўпарадкоўваўся пляж на Вечаллі, так знікаюць сметнікі і закладаліся скверы ў Глыбачцы, Кублічах, Ушачах. Кожны год з’яўляецца нешта новае. Сёлета, у Год добраўпарадкавання і 80-годдзя Вялікай Перамогі можна вылучыць некалькі “цэнтраў” раённых суботнікаў. Гэта Павулле, Арэхаўна і мемарыяльны комплекс “Прарыў”.

Павулле сустрэне гасцей

Чаму столькі работ зараз вядзецца як у самім населеным пункце, так і на пад’ездах да яго. Бо менавіта ў Павуллі сёлета будзе адна з пляцовак абласнога свята “Прарыў Перамогі”, прысвечанага прарыву блакады партызанамі. Хутка з рэстаўрацыі вернецца велічны помнік вызваленцам, які зноў будзе стаяць у цэнтры воінскага пахавання. Ну і можна ўявіць, колькі работы ў працяглай і нягуста населенай вёсцы і на пад’ездах да яе.

 

На дапамогу ДРБУ-105 па высечцы абочын на трасе Вяркуды-Гарбаціца-Павулле прыйшлі газавікі, энергетыкі, камунальнікі – грувасткае сучча і дрэвы вывозіліся адразу. Работнікі райвыканкама і іншых бюджэтных арганізацый прыбіралі выразаны напярэдадні хмызняк у самой вёсцы. Тут жа былі і прадстаўнікі Вяркудскага сельвыканкама, ФАПа, Дома культуры, а таксама жыхары Павулля на чале са старэйшынам Валянцінай Спірчонак. Дайшлі да моста, аднак вялікія аб’ёмы яшчэ наперадзе, у тым ліку і па зносе трухлявых дамоў і былых сельгасаб’ектаў.

Летнік “Азёрны”

Яшчэ адна кропка, што будзе доўга значыцца ў планах суботнікаў – гэта будынак былога дзіцячага сада ў аграгарадку Арэхаўна, дзе ідзе добраўпарадкаванне аздараўленчага лагера “Азёрны”. Так будзе называцца летнік, які пераедзе сёлета з Турасполля. У мінулую пятніцу супрацоўнікі цэнтраў дзяцей і моладзі, забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый працавалі выключна звонку: дэманціравалі старую агароджу і ўсталявалі спецыяльную, перавезеную з ранейшага месца. Убіралі тэрыторыю навокал, дзе раней сіламі лясгаса і камунгаса выдалены аварыйныя дрэвы.

Суботнікі прайшлі на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў, дзе пасля зімы прыбіралі воінскія пахаванні і помнікі, арганізацыі наводзілі парадак каля сваіх будынкаў. Просьба да жыхароў не заставацца пабочнымі назіральнікамі, а далучацца, а таксама ўбіраць не толькі вакол сваіх дамоў, але і ў месцах агульнага карыстання.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *