У нядзелю ў нашым раёне быў дадзены афіцыйны старт пасяўной. Першыя зярняткі запрацаваў у раллю вялікадолецкі механізатар Васіль Алексяёнак (на здымку).
Зрэшты, пачынальнікам сяўбы адзін з самых вопытных аграрыяў раёна быў і летась – стартаваў тады на тыдзень раней на палетках ля Царкавішча. Сёлета ж пасяўныя плошчы гаспадаркі прыраслі, і першую сеялку аграном “Вялікадолецкага” Аляксандр Зянюк накіраваў на лёгкія пясчаныя ўчасткі ля Двор Зерчаніц. Паколькі летась тут узнялі зябліва, дастаткова было аператыўна падрыхтаваць глебу – і Васіль Рыгоравіч на СПУ-6 спрытна і хутка засеяў аўсом першыя 15 сёлетніх гектараў. У бліжэйшы час да справы далучыцца і яшчэ адзін штатны сейбіт гаспадаркі Сяргей Філімонаў.
Яравымі зерневымі вялікадальчане плануюць сёлета заняць больш 1200 гектараў, каля 400 будуць адведзены пад пшаніцу, прыкладна па 300 – пад ячмень і зернебабовыя, 150 – пад кукурузу на зерне.
Хутка сяўбу распачнуць і іншыя гаспадаркі раёна. У гэтыя дні ўсе яны актыўна вядуць узворванне глебы.
Наталля БАГДАНОВІЧ.