Хоць і не сіноптык Таццяна Жукава, але за зменамі надвор’я заўсёды сочыць з хваляваннем. Снегу падсыпала, ураганны вецер па раёне прайшоўся – значыць, клопатаў у камунальнікаў прыбавіцца. Не застанецца дома і яна – у любы час сутак, у выхадныя і святы паімчыць на запраўку – трэба ж транспарт палівам забяспечыць! Функцый у загадчыка склада ЖКГ нямала – і з усімі жыхарка Ваўчо спраўляецца паспяхова.
“Аднойчы ў свой дзень нараджэння давялося гасцей за сталом пакінуць – узнікла надзвычайная сітуацыя і трэба было тэрмінова адправіць машыну на выезд. А неяк у тры гадзіны ночы начальнік кацельні тэлефануе, кажа пра паломку – паехалі масла набываць, – расказвае Таццяна Рыгораўна. – Да любых форс-мажораў, нярэдкіх у нашай рабоце, даўно прызвычаілася. У камунальнай гаспадарцы працую пятнаццаты год”.
Што цікава, у такую прафесію Т.Жукава прыйшла… з педагогікі. Пасля заканчэння Полацкага педвучылішча ўраджэнка Слабады амаль дзесяцігоддзе адпрацавала ў Арэхаўскай школе – была настаўнікам пачатковых класаў, беларускай мовы, педагогам-арганізатарам. Калі ж у сельгасхіміі шукалі загадчыка склада, вырашыла паспрабаваць – штосьці мяняць у жыцці ёй заўсёды было даспадобы. А пазней перайшла ва УП ЖКГ на пасаду дыспетчара.
“Гэтыя функцыі маральна няпростыя, – прызнаецца жанчына. – Увесь дзень – у зносінах з людзьмі, якія звяртаюцца з рознымі праблемамі: ад нерасчышчаных дарог, перабояў з электразабеспячэннем да нечаканых працечак, паломак абсталявання. Нават калі пытанне не ў нашай кампетэнцыі, кожнага трэба выслухаць, даць параду, пераадрасаваць званок у адпаведную арганізацыю. Многіх ужо пазнаю па голасе, настолькі часта тэлефануюць з нагоды і не”.
“Самай частай праблемай, з якой раней звярталіся грамадзяне, было замярзанне воданапорных калонак, цяпер жа лідарства трымаюць расчыстка дарог ад снегу і халодныя батарэі пасля ўключэння ацяплення. Нагадваем: пытанні водазабеспячэння знаходзяцца ў кампетэнцыі водаканала, пасля снегападаў тэхніка выходзіць спачатку на цэнтральныя вуліцы, а прахалода ў кватэры – звычайна не з-за паломкі: трэба пачакаць, пакуль гарачая вада пройдзе па сістэме”.
І хоць цяпер Таццяна Рыгораўна стала загадчыкам склада, яе нярэдка можна застаць у дыспетчарскай. Падмяніць калегу, якая на бальнічным ці ў водпуску, для яе не праблема – бегае тады паміж двума кабінетамі, якія, што зручна, знаходзяцца па суседстве.
Рабочая змена Т.Жукавай звычайна пачынаецца яшчэ да 8 гадзін на заправачнай станцыі ў Градзянцы. Адлучацца сюды даводзіцца і сярод дня – пры любой патрэбе заправіць аўтамабілі. Пасля ж спецыяліст бярэцца за афармленне шматлікіх накладных і справаздач, прыёмку запчастак, будматэрыялаў і спецадзення, навядзенне парадку на складзе… Сядзець без справы не даводзіцца!
Актыўнічае жанчына і дома: садзіць агарод, вяжа, выгульвае любімую сабачку, хоць тая і жыве на вуліцы. А раніцай зноў імчыць на любімую работу, каб рабіць будні землякоў максімальна камфортнымі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.