Александр Стома посетил с рабочим визитом Ушачский район

Общество

У гэтыя дні сельгаспрадпрыемствы вядуць апошнія прыгатаванні да масавага старту пасяўной, і натуральна, што аграрная тэма знаходзіцца пад першачарговай увагай. У сераду ступень гатоўнасці да палявых работ у КУСГП “Вялікадолецкае” ацаніў наш дэпутат у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Стома.

Да выхаду ў поле ў гаспадарцы ўжо гатова больш 90 працэнтаў тэхнікі, ды і астатняя, як кажуць, на падыходзе. На мехдвары было ажыўлена. Механізатары разам з галоўным інжынерам Юрыем Стрыжонкам чаравалі над двума трактарамі: у адным устанаўлівалі рухавік, які вярнуўся пасля капрамонту, у другі залівалі масла. Ззяў свежымі фарбамі адноўлены да сёлетняга сезона дыскатар АД-600 “Рубін” – выглядаў так, быццам толькі сышоў з канвеера. Зрэшты, “парадны лоск” агрэгата хутка сатруць гарачыя палявыя будні. Як патлумачыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Антон Уладзіміравіч Сафонаў, восенню вялікадальчане плённа папрацавалі на ўздыме забліва і зараз асноўны акцэнт зрушаць менавіта на падрыхтоўку глебы.

Тым часам штатны сейбіт гаспадаркі Сяргей Філімонаў засяроджана рэгуляваў механізмы пасяўнога агрэгата АПП-6Д, на які звычайна прыпадае асноўная нагрузка на вясеннім адрэзку аграрнага марафона. Зрэшты, у бой сёлета гатовы ўступіць і яшчэ тры сеялкі: адна – з шасці- і дзве – з чатырохметровай шырынёй захопу. З улікам запланаванага павелічэння пасяўных плошчаў лішнімі яны дакладна не будуць. Не адчуваюць у “Вялікадолецкім” і вострага дэфіцыту кадраў.

Абмяркоўваліся і іншыя аспекты падрыхтоўкі да пасяўной. Намеснік начальніка райсельгасхарча Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў паведаміў, што сёлета ўшацкім гаспадаркам на аднаўленне тэхнікі з раённага бюджэту было вылучана 335 тысяч рублёў, а нядаўна дадаткова паступіла 110,7 тысячы з абласнога. Для пачатку палявых работ назапашана 80 тон паліва. Няблага перазімавалі азімыя, больш трэцяй іх часткі ўжо падкармілі. А вось зайсці ў поле з плугамі і тым больш распачаць сяўбу пакуль складана – занадта вільготна. Зрэшты, на самых сухіх палетках тэхніка ўжо працуе. Вялікадальчане, напрыклад, узворваюць участкі ля Садкоў.

Шчыра прызнацца, здзівіла тое, з якім веданнем справы А.М.Стома абмяркоўваў з ушацкімі спецыялістамі тэхнічныя і агранамічныя акалічнасці. Калі ж мы запыталіся, адкуль у чалавека, які прысвяціў жыццё медыцыне, досыць грунтоўныя аграрныя веды, ён зазначыў, што заканатворца павінен арыентавацца ва ўсіх сферах. У акрузе ж, куды ўваходзіць пяць раёнаў прыдзвінскай глыбінкі, тэма сельгасвытворчасці – адна з прыярытэтных. А ўвогуле дэпутацкая дзейнасць – гэта бясконцае самаўдасканаленне, глыбокае пранікненне ў сутнасць любога пытання.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымках: А.Стома, А.Сафонаў, С.Белагрыўцаў на мехдвары “Вялікадолецкага”; С.Філімонаў рыхтуе сеялку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *