Чудом выжившие: трагедия деревни Бобовище и история тех, кто смог уйти от смерти

80-летие Победы Общество

Абеліск на брацкай магіле, агульны для паўтысячы пахаваных, стаіць у лясной вёсцы Бабовішча. Яна хоць і аднавілася пасля вайны, аднак не стала вялікай. Непрацягламу лёсу спрыяў трагічны дзень 12 мая 1944-га. Раз’юшаныя пасля прарыву блакады немцы адыгрываліся на жыхарах такіх вось зацішных вёсачак, што былі бліжэй да партызан – знішчалі іх цалкам. Аднак і зараз жыве ў Адэсе Іван Васільевіч Купрэвіч – адзін з чатырох, каму ўдалося вырвацца з палаючай хаты.

“Выпадкова прачытала на сайце вашай газеты артыкул пра Бабовішча, адкуль мае карані. Вялікі дзякуй. Аднак там гаворыцца, што ніхто пасля карнай аперацыі не ўцалеў, гэта не так”, – раздаўся нядаўна званок з Санкт-Пецярбурга. І Зоя Сцяпанаўна Бугай паведала гісторыю, якую неаднойчы чула ад сваёй бабулі Анастасіі Якаўлеўны.

Як гэта недарэчна, памерці, калі ўсё пачынае жыць. Ніхто з жыхароў вёскі і не думаў аб смерці, калі ім загадалі пакінуць хаты. Збіралі самае каштоўнае, што было, звязвалі ў хатулі. Аднак пажыткі ім загадалі кінуць на вуліцы, а саміх пачалі зганяць у хаты – у некалькі, бо ў адну не ўмяшчалася тая колькасць жыхароў не толькі з Бабовішча, але і суседніх вёсак. Анастасія Якаўлеўна, яе муж Іван Гаўрылавіч, нявестка Феня – з шасці і трохгадовымі Мікалаем і Эмай аказаліся ў адной хаце. Прынеслі туды на насілках і дачку Марыю Купрэвіч, якая пры бамбёжцы была паранена асколкам у нагу. Да вайны яна жыла ў мужавай вёсцы Дубінец, а калі яго забралі на фронт, прыйшла да родных. Яе сына Ваню ў той дзень на руках трымала бабуля.

Перш чым падпаліць дамы, людзей забівалі стрэлам у вуха. Адзін за адным. Паліцай усё не мог ці не хацеў сцягнуць шапачку з маленькай Эмы і біў яе галавой аб падлогу. Вось забіты ўнук, унучка, нявестка, муж, дачка… Хутка і іх з Ванечкам чарга. Аднак у паліцая заканчваюцца патроны, і калі ён выходзіць, Анастасія Якаўлеўна вымазвае цёплай крывёю сваё і ўнукава вушы і перабіраецца на палову мёртвых… Дастралялі апошніх, зачынілі дзверы, запахла дымам. Якімі ж доўгімі былі гэтыя хвіліны! Языкі агню ўжо падымаюцца над акном, а немцы яшчэ ў двары – парабіраюць пакінутыя сялянамі хатулькі. “Яны хоць мёртвымі згараць, а мы, напэўна, жывымі”, – шаптала ў роспачы жанчына. Нарэшце загрукаталі матацыклы і сціхла. З-пад падпечча вылезлі падлеткі – хлопчык і дзяўчынка. Жанчына загадвае ім хутчэй выбіць акно, аднак малыя баяцца. Б’е сама, рама лёгка вылятае, кідае на вуліцу Ваню, дапамагае дзецям і вылазіць сама, калі на галаве ўжо гараць валасы.

Куды ісці? Рашыла да сястры ў Гушчынскую Слабодку. Заначавалі ля забітага каня. І раптам раздаецца блізкі брэх сабак – немцы з аўчаркамі прачэсвалі мясцовасць. Зноў блізкі зыход, калі б не ліса, што прыйшла паласавацца канінай. Рыжая пабегла ўцякаць ад сабак, а яны за ёй…

Анастасія Якаўлеўна ўсё ж дабралася да сястры. Яна не галасіла і нават не плакала… моўчкі села на лаўку і глядзела спыненым позіркам у зямлю. Калі праз некалькі дзён яна акажацца ў магіле-склепе разам з жыхарамі ўжо гэтай вёскі, страху не будзе, самае жудаснае з ёй адбылося 12 мая. Але пратрымаўшы некалькі дзён у абкладзеным саломай хляве, запалку тады так і не кінулі… Выжыўшы тройчы, на адкрыццё Хатыні праз 25 гадоў ехаць А.Я.Бугай адмовіцца не толькі з-за паважанага ўзросту. Занадта жывымі былі ўспаміны, каб зноў варушыць іх.

Як звалі дзяўчынку, што вырвалася з той хаты, родныя А.Я.Бугай не памятаюць, чулі, што яна жыла потым ў Калінінградзе. А вось хлопчык – Васіль Бугай – дваюрадны брат іх бацькі – да партызан, як імкнуўся, так і не дабраўся – цела падлетка з выразанай на грудзях зоркай знайшлі праз некалькі дзён. Ванечку ж Купрэвіча забралі бацькавы родныя ў Дубінец. Аднак яго тата Васіль Пятровіч загіне на фронце праз месяц пасля гэтых падзей і круглы сірата вырасце ў дзіцячым доме ў Ашмянах. Аб гэтым ён ніколі не шкадаваў, кажа, што там атрымаў добрую адукацыю, дзякуючы чаму стаў энергетыкам, перад заслужаным адпачынкам ён выконваў абавязкі начальніка РЭСа.

Калі з фронту вярнуўся Сцяпан Іванавіч Бугай – не застаў ні жонкі, ні дзяцей, ні хаты. Новую сям’ю ён утварыў таксама з настаўніцай, былой партызанкай Валянцінай Міхайлаўнай Лабёнак. У Капылоўшчыне, дзе жылі, у іх нарадзілася тры сыны і тры дачкі. Унучка Анастасія – заслужаны настаўнік Расіі, выкладчык балетнай школы, Галіна – экскурсавод, Ганна вучыць дзяцей-інвалідаў. Сярод 15 унукаў – юрысты, афіцэры, рабочыя…

Якія прафесіі абралі б сотні патомкаў закатаваных жыхароў Бабовішча, нам не даведацца ніколі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *