Республиканские соревнования по ралли состоялись в Ушачах

Общество

12 лістапада Ушацкі раён напоўніўся гулам гоначных аўтамабіляў. У гэты дзень на гравійных дарогах Кубліцкага сельсавета прайшоў чарговы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Ва Ушачах ралі праходзяць штогод, пачынаючы з 2005-га. Нашы дарогі ўжо добра вядомыя пастаянным удзельнікам, але арганізатары рэгулярна ўносяць змены ў маршрут. Не стаў выключэннем і сёлетні старт. Першапачаткова ралі «Партызанскі край» былі запланаваны на 12-13 лістапада, аднак з-за недастатковага бюджэту спаборніцтваў прайшла не вялікая гонка, а аднадзённы ралі-спрынт. 
Удзельнікам было прапанавана шэсць участкаў агульнай працягласцю 34 «баявыя» кіламетры. За перамогу змагаліся ралісты з Мінска, Барысава, Гомеля і літоўскага Кельме. Спаборнічалі ў трох традыцыйных класах: Б-10, Б-11, Б-12 – у залежнасці ад магутнасці рухавіка аўтамабіля.
У цэнтры аграгарадка Кублічы адбылося ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў, якое сабрала не толькі ўдзельнікаў, мясцовых жыхароў, але і шматлікіх прыхільнікаў гэтага віду спорту з усяго раёна і іншых гарадоў. З вітальнымі словамі і пажаданнямі ўдалых стартаў выступілі намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама В.І.Карчэўская, старшыня цэнтральнага савета ДТСААФ А.Я. Сцяпук.
На старт ралі-спрынту выйшла 12 экіпажаў, а таксама два “нулявыя”, якія не змагаліся за перамогу, а проста спрабавалі свае сілы. Многія з удзельнікаў у нашых краях не ўпершыню, таму ўпэўнена адчувалі сябе на ўшацкіх дарогах. Як напрыклад, экіпаж літоўцаў Пупюса Вілмантаса і Рачаса Гедымінаса, якіх ушачане ўжо называюць сваімі. Былі сярод удзельнікаў і прадстаўніцы слабай паловы чалавецтва – Вольга Захарава і Кацярына Жылко, якія нараўне з мужчынамі пераадольвалі складанасці ралійных участкаў. У ліку ўдзельнікаў і адзін сямейны экіпаж Аляксандра і Вадзіма Цяленчанкаў з Мінска.
Спартсмены загадзя азнаёміліся з трасай, якая праходзіла праз Кублічы, Кляпцы, Капылоўшчыну, Сорзава, Скачыхі, Белюкоўшчыну і Бычкі.  
Яшчэ да старту многія ралісты адзначалі, што траса на гэты раз не вельмі складаная: дастаткова роўнае пакрыццё, ям практычна няма, а таму гонка павінна быць хуткай. Сапраўды, першы спецучастак працягласцю 2,4 кіламетра аўтамабілі з поўным прывадам пераадолелі крыху больш за хвіліну.
На жаль, першая секцыя закончылася няўдала для любімчыкаў публікі – экіпажа на ярка-жоўтым “Субару Імпрэза”. Аўтамабіль сышоў з дыстанцыі, бо ў яго “закіпеў” матор. На старт другой секцыі ён ужо не выйшаў.
Канчатковыя вынікі спаборніцтваў па ралі-спрынту былі падведзены ўжо зацемна. Так, у класе Б-12 абсалютная перамога дасталася экіпажу №2 Юрыю Грышчанкову і Дзянісу Равяку з Мінска. У класах Б-11 і Б-10 пераможцамі выйшлі таксама мінчане – экіпажы Івана Крышкевіча, Данілы Алтуф’ева і Андрэя Цыганкова, Дзмітрыя Бурага.  
Нягледзячы на меншую колькасць спецучасткаў, заліковых кіламетраў, больш сціснутыя тэрміны правядзення спаборніцтваў, ралі-спрынт прынёс балельшчыкам шмат яркіх уражанняў і эмоцый, а ўдзельнікам – чарговую порцыю адрэналіну і жаданне выходзіць на старты яшчэ і яшчэ.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ,
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *