Земельная амнистия в Ушачском районе: как узаконить самовольно занятые участки и избежать проблем

Общество

Так званая “зямельная амністыя” працягваецца ў краіне больш за два гады. Нагадаем, што перыяд звароту і ўзаконьвання землекарыстальнікамі самавольна занятых зямельных участкаў падоўжаны да 1 студзеня 2028 года. Раней апошні тэрмін для гэтага быў да 1 верасня 2025 года. Разам з начальнікам аддзела землеўпарадкавання Ушацкага райвыканкама Людмілай Іванаўнай Андрэйчык разбіраемся ў нюансах дадзенай тэмы.

Нагадаем, што згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2022 года №195-З “Аб змяненні кодэксаў” грамадзяне, юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права аформіць дакументы на зямельныя ўчасткі, занятыя самавольна да 1 верасня 2022 года. Схітрыць тут не атрымаецца. Пра тое, што самавольная пабудова з’явілася да гэтага перыяду, грамадзянін павінен пацвердзіць дакументальна. Гэта могуць быць як звесткі з зямельна-кадастравых дакументаў, рэестраў нерухомасці, так і любыя рашэнні, што прымаліся ў адносінах такога будынка. Нават прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці таксама з’яўляецца пацвярджэннем.

⇒  Што лічыцца самавольнымі пабудовамі?

Самавольнае заняцце выяўляецца ў агароджы надзела, узвядзенні на ім розных капітальных будынкаў і збудаванняў, хоць права на гэтую зямлю ў асобы адсутнічае. Інакш кажучы, абсалютна ўсё, што ўзведзена не на сваіх сотках на трывалым фундаменце (мае мацаванне ў зямлі). Не толькі гараж, лазня, хлявы, альтанка. Самавольнай пабудовай лічыцца нават агароджа, калі слупы забетанаваны ў зямлю. Самая распаўсюджаная прычына “захопу” дадатковых сотак – прывычка, што імі карысталіся здаўна, хаця зямля і не была аформлена. Гэта памылка актуальная і зараз. Таму перш чым пачынаць нешта пераносіць і нават мяняць агароджу, пераканайцеся, што вы не выходзіце за межы свайго участка.

⇒  Ці ўсё можна легалізаваць?

Не ўсе парушэнні могуць быць легалізаваныя. Гэтую працэдуру не пройдуць зямельныя ўчасткі, дзе істотна парушаюцца горадабудаўнічыя, будаўнічыя, санітарныя, супрацьпажарныя і іншыя нормы, а таксама якія ўяўляюць небяспеку і пагрозу жыцця для людзей. І што не менш важна – калі прысутнічаюць зямельныя спрэчкі з суседзямі, судовыя рашэнні аб падзеле маёмасці і іншыя.

♦ У ходзе праведзенай у 2022 годзе інвентарызацыі зямель ва Ушацкім раёне выяўлена 562 факты самавольнага заняцця зямельных участкаў і пазней яшчэ 31. Усім парушальнікам былі накіраваны паведамленні аб неабходнасці ва ўстаноўлены тэрмін прывесці землекарыстанне ў адпаведнасць з законам. На сённяшні дзень легалізавана 65 участкаў, 243 вызвалена, у рабоце зараз знаходзіцца 79. Пры больш дэталёвым вывучэнні ў 27 выпадках парушэнні не пацвердзіліся.

⇒ Што рабіць

Калі вы атрымалі адпаведнае паведамленне і маеце намер узаконіць самавольна занятае, варта звяртацца па месцы знаходжання ўчастка – у сельвыканкам ці аддзел землеўпарадкавання – з адпаведнай заявай, камісія па легалізацыі разглядае яе і прымае рашэнне аб магчымасці (немагчымасці), пасля чаго дакументы накіроўваюцца ў Гіпразем.
За легалізацыю ўносіцца кадастравы кошт далучаемага зямельнага ўчастка. Пры афармленні ў прыватную ўласнасць у такім жа памеры трэба ўнесці плату за выкуп зямлі. Закон дапускае растэрміноўку гэтых двух плацяжоў на два гады на прымальных умовах.

Калі грамадзянін не збіраецца легалізоўваць участак, ён павінен яго вызваліць, паведаміць аб гэтым у сельвыканкам ці землеўпарадкавальную службу. Напрыклад, ушачане зносілі пастаўленыя за межамі законнага ўчастка дрывотнікі ці памылкова пастаўленыя агароджы.

⇒ Не зацягвайце з легалізацыяй!

Час ляціць хутка, таму, калі вы маеце намер узаконіць самавольна заняты ўчастак, не трэба адкладаць справу на потым. Шматступенны працэс легалізацыі не хуткі і займае да паўгода. Нават зараз з улікам загружанасці Гіпразема маюцца чэргі.

Трэба адзначыць, што адсядзецца і ніяк не рэагаваць на паведамленні ў парушальнікаў не атрымаецца. Пасля заканчэння тэрмінаў «зямельнай амністыі» адназначна будуць падлягаць вызваленню самавольна занятыя землі са зносам узведзеных пабудоў і агародж.

Калі ў вас ёсць пытанні па дадзенай тэме, растлумачыць і даць кансультацыі заўсёды гатовы спецыялісты аддзела землеўпарадкавання па нумарах 5-84-18 і 5-85-35.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *