Пра тое, што працягваецца рамонт рэспубліканскай трасы Р-46, нашы чытачы ведаюць. Цяпер жа ў кіраўнікоў ДРБУ-105 і ўчастка ДЭУ-37 мы пацікавіліся, на якіх яшчэ дарогах раёна абновіцца асфальтавае палатно.
• Ужо здадзены ў эксплуатацыю першы сёлетні аб’ект – шаша “Пад’езд да вёскі Пушча ад Н-3709”. Як мы і паведамлялі раней, непасрэдна гравійка Цялічына-Пліна адрамантавана перад Новым годам.
• А вось асфальтаванне спецыялісты ДРБУ-105 запланавалі ўжо на сакавік. Калі не перашкодзіць надвор’е, яно распачнецца з паўкіламетровага пад’езду да Гуты ад трасы Р-116 Ушачы-Лепель – цвёрдае пакрыццё тут з’явіцца упершыню.
• У красавіку слой новага асфальту ляжа ў Павулли – будзе рамантавацца пад’езд да вёскі Прудок праз гэты населены пункт ад Н-16636 працягласцю 3,7 кіламетра.
• Па чатыры кіламетры новага палатна з’явіцца сёлета на запатрабаваных трасах Р-29 (за Наваселлем) і Р-113 (каля вёскі Дубраўка).
• Самыя вялікія аб’ёмы – больш 5 кіламетраў – укладуць на ўчастках трасы Н-3700 Ушачы-Зябкі.
• Працягнецца перавод у асфальт гравійкі Н-3718 – 2,6 кіламетра ад шашы Р-113 на Павулле праз Краснае, і далей рамонт двух кіламетраў Н16600 (пад’езд да Павулля праз Глыбачку).
• Такім чынам будзе завершаны яшчэ адзін асфальтавы пад’езд да аграгарадка з трасы Сянно-Бешанковічы-Ушачы.
• Працягласцю 1,5 кіламетра адрамантуюць цвёрдае пакрыццё дарогі Н-2007 Полуазер’е-Дубраўка, і 600 метраў ад яе па Н-3755 (пад’езд да вёскі Ягадкі). Апранецца ў асфальт і паўкіламетровы ўчастак шашы Кублічы-Ідута.
• Новыя аўтобусныя прыпынкі ўстановяць сёлета ў вёсках Строкты і Селішча.
Вясенняе грэйдзіраванне гравіек – адзін з абавязковых планавых відаў работ у дарожнікаў. Прычым, “прасаваць” палатно на самых працяглых па раёне пясчаных дарогах будуць мінімум двойчы: першы – для ліквідавання ямак і выбоін, другі – для прафілявання.
У ДРБУ-105 на мясцовых дарогах задзейнічаны аўтагрэйдар з шырокай лапатай, якім кіруе Аляксандр Маркевіч (на здымку), а таксама два трактары з прычапным абсталяваннем. І з’явіліся яны сёлета на тэрыторыі сельсаветаў раней звычайнага, чаму паспрыяў “сухі” люты і анамальна цёплы пачатак сакавіка. Справа ў тым, што праводзіцца грэйдзіраванне толькі пры адпаведным, дастаткова сухім палатне. Менавіта такім, як па лясной дарозе з Двор Пліна на Матырына, дзе мы і сустрэлі аўтагрэйдар.
Вольга Караленка.