Цёплая буржуйка, прасторнае памяшканне тыпавога вясковага магазіна. Стэлажы з харчовымі таварамі, маразільнікі з рыбай і мясам, лары з “малочкай”. А вось наведвальнікаў ва ўладаннях Анжалікі Шахавай мы не засталі. У сераду, як высветлілася, яны заходзяць рэдка, хіба нехта з тых, хто напярэдадні прапусціў завоз тавару, ці выпадковыя праезджыя. Наогул Царкавішча не назавеш вялікім населеным пунктам. Таму і цікавіла, якім жа чынам Анжаліцы Васільеўне ўдаецца заставацца ў ліку лепшых прадаўцоў Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства і нават апынуцца на раённай Дошцы гонару.
Не месца красіць чалавека… На прыкладзе гэтай маладой жанчыны ў чарговы раз пераконваешся, што ўсё залежыць толькі ад работніка. У вёсцы, дзе зарэгістравана 80 жыхароў, у зімовы час у краму пастаянна наведваецца ўсяго каля дзесяці – многіх старыкоў да сябе забіраюць родныя. Прыходзяць яны за свежымі прадуктамі ў дні прывозу. Анжаліка абавязкова тэлефануе, калі хто спазняецца. Нумары ўсіх мясцовых жыхароў, а таксама многіх з Заазер’я, Замошша “забіла” ў базу яшчэ 5 гадоў таму, як пачала тут працаваць. Ды і яны ёй спачатку тэлефануюць – каб дарэмна не ісці, цікавяцца, ці ёсць цыгарэты, каўбасы, смятана, або просяць пакінуць нешта. Хаця ў гэтым звычайна патрэбы няма – прадавец заўсёды накідвае некалькі адзінак да персанальных заказаў. Густы вяскоўцаў яна даўно трымае ў памяці, аднак улік усё ж вядзе дакладны, каб ведаць, колькі боханаў хлеба заказваць ці камбікорму. Апошні прыводзіцца выключна па заяўках, так жа раней было і з будаўнічымі матэрыяламі.
Добры прадавец – абавязкова эксперыментатар. Рызыкавала сёлета перад 8 Сакавіка і Анжаліка, калі заказвала 8 тортаў глыбокага замарожвання Пастаўскага філіяла. Вяскоўцы прывыклі да выпечкі ўшацкіх кандытараў, а на гэты раз выбару не аказалася. “Чым жа будуць сустракаць бабулі гасцей за гарбатай?”, – ламала галаву прадавец і дагадзіла, зразумела, пры граматнай падачы навінак, якімі ў свой час былі пірожныя, кексы, смятаннікі ці гатовыя клёцкі.
Калі ты ў краме з таварамі за прылаўкам набыў тое, чаго не збіраўся, значыць абслужыў цябе высакакласны прадавец. Так было нядаўна і з вэнджанай скумбрыяй. Агучваць кошт кілаграма яна баялася, таму прапаноўвала “паглядзець”, на колькі пацягне асобная рыбка. Для першай пакупніцы цана падалася высокай – не ўзяла. А расчараванне Анжалікі заўважылі астатнія… Купіў адзін, другі, трэці чалавек з чаргі, а на наступны дзень прыйшлі і за дабаўкай.
Сярод слоікаў тушонак, кансерваў заўважаю баршчы ды салянкі. Няўжо карыстаюцца попытам? На што А.Шахава раскрывае чарговы прафесійны сакрэт: “Асартымент абавязкова трэба падтрымліваць: звернеш увагу пакупніка на нешта, глядзіш, і захоча паспытаць. Хаця ў мяне на такі тавар і канкрэтны чалавек ёсць – адзінокі мужчына, якому складана гатаваць, а тут застаецца толькі закінуць змесціва ў каструлю. І расфасоўка аднаго і таго ж тавару павінна быць рознай. Так, бабулі бальзам для дабаўлення ў гарбату ў маленькіх бутэлечках набываюць, а для дачнікаў з Заазер’я заказваю вялікія. Наогул вельмі ўдзячная таваразнаўцы Алене Пятроўне Сыс, якая імкнецца поўнасцю выконваць мае заяўкі, нават у часы дэфіцыту абавязкова пакідала хоць колькі адзінак”.
Дастаўляе прадукты Анжаліка Васільеўна і сваім суседзям з Вялікіх Долец, не гаворачы пра тое, што сама купляе ўсё неабходнае толькі тут. Выключна ў Царкавішчы затаварваецца і яе маці, якая жыве ў Капцах. Яна ж набывае і ўвесь “неліквід” – чэрствы хлеб, які застаўся, калі нехта купіў боханы ў паштавікоў. Так, Анжаліка Васільеўна працуе яшчэ і ў складанай канкурэнцыі з дастаўкай тавару да дому. Аднак, трэба аддаць ёй даніну павагі, што пры яўнай неперспектыўнасці яе гандлёвай кропкі, аптымізму гаспадыня не губляе. “Хутка з гарадоў мае бабулі вернуцца, а ўлетку у нас і дзятвы многа, тады прасцей план выконваць, хоць ён і намнога большы”.
Пры дэфіцыце работнікаў нават у райцэнтры такі адказны, ініцыятыўны прадавец – яўная знаходка для кіраўніцтва філіяла, а ў адным з самым маленькіх магазінаў раёна – тым больш. Ды кропка і трымаецца выключна на ёй ды падтрымцы вяскоўцаў, якія хочуць мець пад бокам стацыянар.
А.Шахава не дазваляе сабе пайсці на бальнічны, мае нявыкарыстаны адпачынак, ніколі не дапускала нястач. Анжаліка Васільеўна “выцягне” любую гандлёвую кропку, бо пры выбары прафесіі трапіла ў дзясятку, аднолькава любіць і харчовую, і прамысловую групу тавараў – адвучылася па падоўжанай праграме на абедзве, а яшчэ і кантралёра. Гэта дакладна яе. Яшчэ пры праходжанні практыкі ў адной з віцебскіх крам ёй заплацілі як сапраўднаму работніку, хоць гэта і не прадугледжвалася, а потым і ўзялі ў штат. Стварэнне сям’і прымусіла маладых зноў вярнуцца на малую радзіму.
Магазін я пакідала, прыхапіўшы з сабой любімыя яблыкі гатунку Айдарэд, кукурузныя палачкі і яшчэ тое-сёе, што набываю ў крамах райцэнтра. Навошта некуды яшчэ заходзіць, калі пабываў у Царкавішчы.
Вольга Караленка.