Хоць і прывыклі да ўвагі сястрычкі Аня і Ксюша Букі, але на біятлоннай трасе адчуваюць сябе, напэўна, больш камфортна, чым у якасці галоўных гераінь урачыстасцяў.
А між тым менавіта ім было прысвечана мерапрыемства, што ладзілася ў Вялікадолецкай школе: павіншаваць юных спартсменак і перадаць Ані сертыфікат Прэзідэнцкага спартыўнага клуба за “срэбраны” медаль у эстафеце на фінальным этапе сёлетняга “Снежнага снайпера” прыехаў старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. Сваю порцыю ўвагі атрымала і Ксенія, якая таксама паказала добрыя вынікі, а Віталю Віктаравічу і Таццяне Алікаўне Букам быў уручаны Ліст падзякі райвыканкама за годнае выхаванне дачок. Не засталася па-за ўвагай і вялікая, плённая работа настаўніка фізкультуры Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага, якога адзначылі Ганаровай граматай аддзела па адукацыі райвыканкама.
Госці з цікавасцю праглядзелі відэаролік пра біятлонныя дасягненні вучняў школы. Трэба сказаць, што знайсці матэрыял для яго было нескладана: запісы гонак “Снежнага снайпера” апошніх гадоў ёсць на канале Прэзідэнцкага спартыўнага клуба – застаецца толькі выбраць эпізоды з удзелам вялікадальчан, якіх нямала, бо яны штогод спаборнічаюць у фінале.
Калі ж удзельнікам школьнай біятлоннай каманды прапанавалі ўзняцца на сцэну – са сваіх месцаў устала большая палова залы. Гэта сапраўды ўнікальны выпадак: самая маленькая школа раёна на працягу столькіх год рыхтуе лепшых у рэгіёне біятланістаў. Сёлетнія перамогі сястрычак будуць добрым прыкладам для сяброў па камандзе – і канечне, вельмі хочацца, каб і праз год вялікадальчане далі нагоду для такой урачыстасці.
Наталля БАГДАНОВІЧ.