Выратавальнікі занепакоены ростам колькасці пажараў на аўтатранспарце: за мінулы год на тэрыторыі вобласці было зафіксавана 100 такіх здарэнняў, а за 2 месяцы бягучага года – ужо 13.
У большасці выпадкаў прычынай узгаранняў быў аварыйны рэжым работы электрыкі, няякасная ўстаноўка дадатковага электрычнага і ацяпляльнага абсталявання (перадпускавыя сістэмы падагрэву рухавікоў – Webasto, Gidronik, аўтазапускі, сігналізацыі, падагрэвы сядзенняў). Устанаўліваць яго неабходна ў спецыялізаваных сэрвісных цэнтрах.
Каб пазбегнуць пажару ў аўтамабілі, своечасова рабіце тэхабслугоўванне, ніколі не запраўляйцеся пры ўключаным рухавіку, не перавазіце бензін у пластмасавых каністрах (пластмаса назапашвае статычнае напружанне, што можа стаць прычынай узгарання). Калі ў вашым аўто часта перагараюць лямпачкі або засцерагальнікі, не адкладайце рамонт, магчыма, гэта наступствы кароткага замыкання, з-за якога можа пачацца пажар. Сачыце за паліўнымі шлангамі – любы провад пад капотам павінен быць добра ізаляваны. У выпадку з’яўлення паху газу (у аўто з адпаведным абсталяваннем) неадкладна звяртайцеся да спецыялістаў. Не карыстайцеся адкрытымі крыніцамі агню для асвятлення і падагравання рухавікі.
Калі ўсё ж адбылося загаранне, спыніце аўтамабіль і выключыце рухавік, высадзіце пасажыраў, пастаўце машыну на тормаз, паведаміце ў выратавальную службу. Паспрабуйце ліквідаваць узгаранне самастойна. Пры наяўнасці вогнетушыцеля прыадчыніце капот і паспрабуйце максімальна збіць полымя. Затым адкрыйце капот і абясточце аўтамабіль, зняўшы клемы з акумулятара. Пры гэтым памятайце, што метал ужо мог нагрэцца. Пасля таго як аўтамабіль будзе абясточаны, можна выкарыстаць для тушэння пясок, ваду, снег, накінуць шчыльную тканіну. Калі агонь ахапіў заднюю частку машыны, дзе знаходзіцца бензабак, як мага далей адыдзіце ад машыны.
Ганна ЛЯШКОВА, інспектар сектара прапаганды Ушацкага РАНС.