Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў раённага этапу рэспубліканскага конкурсу на лепшы дзіцячы малюнак на экалагічную тэматыку адбылося ў раённай бібліятэцы.
Юныя мастакі атрымалі дыпломы і прызы ад інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, райкама БРСМ і рэдакцыі газеты “Патрыёт”.
Для некаторых дзяцей гэта першае ў жыцці ўзнагароджанне, таму нялішняй аказалася падтрымка бацькоў і педагогаў. А выхаванцу Ільюшынскага дзіцячага сада Арцёму Літвіну, малюнак якога прызнаны лепшым у старэйшай узроставай групе, нават давялося даць “раёнцы” невялічкае інтэрв’ю. Хлопчык расказаў, што жыве ў вёсцы Старынка, а малюе не толькі на занятках у свайго выхавацеля Надзеі Барысаўны Качатковай, але і дома ў вольны час – асабліва любіць выкарыстоўваць фарбы. Яго бацькі Алёна і Дзмітрый з маленства вучаць дзяцей беражлівым адносінам да прыроды.
Малюнкі пераможцаў зараз удзельнічаюць у абласным этапе.
Наталля БАГДАНОВІЧ.