Сямейныя скандалы, якія суправаджаюцца пабоямі, прымяненнем небяспечных для жыцця чалавека прадметаў, нярэдка прыводзяць нашых землякоў на лаву падсудных.
Так, судом Ушацкага раёна разгледжана крымінальная справа па арт. 186 КК Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін Л., знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, пачаў сварыцца з жонкай – нецэнзурна выказваўся, абражаў яе, а потым схапіў за валасы і прыставіў нож. Жанчына рэальна ўспрыняла пагрозу забойствам з яго боку, выбегла на вуліцу і выклікала супрацоўнікаў міліцыі.
У ходзе праверкі Л. і пацярпелая прымірыліся, апошняя перадумала прыцягваць мужа да крымінальнай адказнасці. Аднак, улічваючы асобу мужчыны і абставіны ім учыненага, пракуратурай раёна было прынята рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы.
Суд прызнаў 34-гадовага жыхара раёна вінаватым у пагрозе забойствам пры наяўных падставах баяцца яе ажыццяўлення і прызначыў пакаранне ў выглядзе 200 гадзін грамадскіх работ.
Гэты прыклад паказвае, якімі могуць быць наступствы неабдуманага прыступу агрэсіі пад уплывам алкаголю. Разам з тым своечасовае выяўленне падобных фактаў, прыцягненне вінаватых да адказнасці садзейнічае недапушчэнню з іх боку больш цяжкіх злачынстваў.
Вольга ЛАЮШКА, Суддзя суда Ушацкага раёна.