Непрыемнасці сабе і яшчэ больш калектыву зарабіў напачатку сакавіка вадзіцель аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Ушаччыны. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, у пяць гадзін раніцы мужчына 1990 года нараджэння вырашыў пакатацца на рабочым аўтамабілі “Лада Ніва”. Вядома, на вочы адказнага за выпуск транспартных сродкаў спецыяліста ён пастараўся не трапіць.
Нецвярозае падарожжа было непрацяглым. На 103-м кіламетры аўтадарогі Р-113 Сянно-Бешанковічы-Ушачы мужчына не ўлічыў умовы надвор’я, не выбраў бяспечную хуткасць руху, у выніку чаго не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет, дзе аўтамабіль тройчы перакуліўся, атрымаўшы сур’ёзныя механічныя пашкоджанні.
Парушальнік паспрабаваў збегчы з месца аварыі, аднак быў хутка затрыманы праваахоўнікамі і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Давядзецца цяпер яму і штраф у памеры 200 базавых велічынь (8400 рублёў) заплаціць, і нанесены ўрон пакрываць, і новую працу пашукаць – права кіравання транспартнымі сродкамі былога вадзіцеля пазбавілі на пяць гадоў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.