У нядзелю ўшацкі “Партызан” правёў апошнія два паядынкі групавога этапа чэмпіянату Віцебскай вобласці па міні-футболе і сенсацыйна выйшаў у чвэрцьфінал першынства!
Як мы ўжо паведамлялі, наша каманда ўпершыню ўдзельнічала ў турніры, а на групавым этапе ёй процістаялі вопытныя дружыны з Віцебска і Наваполацка. Перад заключнымі турамі выхад у плэй-оф сабе ўжо забяспечыў “Нафтан”, а ўшачанам для гэтага трэба было перамагаць канкурэнтаў. Адметна, што арганізатары перанеслі гульні групы з нашага спарткомплексу ў Лужасна, пазбавіўшы “Партызан” спрыяльнага фактару дамашняй пляцоўкі. Праўда, гэта не надта спрацавала: на выезд з камандай адправіўся дэсант нашых балельшчыкаў – і на віцебскіх трыбунах пастаянна гучала дружнае: “У-ша-чы!”.
Гульня з “Вітінструментам” складвалася няпроста: сапернікі двойчы выходзілі наперад, але ўшачане пераламілі ход паядынка і выйгралі з лікам 5:3. Хочацца асобна вылучыць Мікалая Зімніцкага, які дастойна замяніў у варотах асноўнага галкіпера Міхаіла Ярмоша, бо той прапускаў гульню з-за атрыманых раней дзвюх жоўтых картак. Гэта перамога забяспечыла нам выхад у плэй-оф, і апошні матч с “Ізумрудам-Нафтанам” ужо нічога не рашаў: ушачане гулялі з выдатным настроем, паказалі камбінацыйны футбол і забілі 5 галоў, не прапусціўшы ніводнага. Што да асобных футбалістаў, то ў стартавым квартэце замацаваліся зусім юныя Мікіта Жалейка (яму нават была даручана капітанская павязка) і Мацвей Федарэнка. Традыцыйна феерыў на пляцоўцы наш лідар Арцём Гарбаценка, які з 9 забітымі галамі з’яўляецца адным з лепшых бамбардзіраў чэмпіянату. Выдатна выглядаў і вопытны Максім Стрыжанок. “Хоць працую на “Паліміры” і жыву ў Наваполацку, маю ўшацкія карані, таму далучыўся да “Партызана”. У камандзе цудоўная атмасфера, класныя партнёры, з задавальненнем прыязджаю на кожны матч!”, – падзяліўся з намі ігрок. Зрэшты, свой унёсак у годны вынік зрабілі абсалютна ўсе.
“Вельмі важным фактарам стала падтрымка балельшчыкаў, якія прыходзілі на матчы цэлымі сем’ямі. А як прыемна было бачыць на трыбунах прадстаўнікоў раённага кіраўніцтва – думаецца, сапернікі па-добраму зайздросцілі і нашым умовам для трэніровак, і такой увазе з боку мясцовай улады”, – зазначае гуляючы трэнер Раман Фядосенка.
Такім чынам, “Партызан” атрымаў 4 перамогі ў 6 гульнях і ўвайшоў у васьмёрку лепшых каманд Прыдзвіння, якія аспрэчаць узнагароды першынства. Нашым сапернікам у чвэрцьфінале будзе віцебская каманда “Хмель”, якая стала лепшай у сваёй групе. Паядынкі пройдуць у апошнія выхадныя сакавіка, пра дакладную дату і месца паведамім пазней.
Задачу-мінімум на гэты чэмпіянат ушачане ўжо выканалі, але, канечне, паспрабуюць даць бой фаварытам.
Наталля БАГДАНОВІЧ.