Імянінніцу засталі ў ложку і без настрою. “Напэўна нездаровіцца, ды ў такіх гадах маеш права не радавацца гасцям”, – ставілі сябе на месца Надзеі Пятроўны Шалухі, якая сёння адзначае свой дзень нараджэння. Аднак праз пару хвілін жанчына ўжо жвава адказвала на пытанні, а пры развітанні яе прыемная ўсмешка асвячала дом нават больш, чым вясенняе сонейка праз акно. І многа чаго яшчэ можна было прыгадаць.
Да такіх дат заўсёды ставішся крыху з сумненнем. Аднак тут усё “чыста” – без прыпісак і блытаніны з метрыкамі. Год і пару нараджэння дзяцей у сям’і Баяронкаў памяталі выдатна: бацька суадносіў іх са святамі, якія вылічваў па памяці без усялякіх календароў. У старэйшай Надзеі імяніны выпалі за месяц да Вялікадня. Наогул Пётр Прохаравіч чалавек быў разумны, матэматычны. Ды і па матчынай лініі з 11 дзяцей трое братоў працавалі настаўнікамі. Таму і Надзея, якая да вайны скончыла 7 класаў, пасля яе паступіла ў Лепельскае педвучылішча. Дыплом мае, праўда, полацкага: да абласной сталіцы, якой да 1954-га і быў горад з Сафійскім саборам, пусцілі аўтобус, і дабірацца стала куды прасцей, чым хадзіць пешшу і не з пустымі рукамі за 30 кіламетраў.
У 1944-м дзяўчыне споўнілася 19, не школьны ўзрост, ды і за навучанне ў старэйшых класах прызначылі плату, якая аказалася не па кішэні абрабаваным вайной сялянам. Іх дом у Засценку пацярпеў ад бамбёжак, не засталося ні насення, ні скаціны, а ў сям’і выхоўвалася яшчэ трое малодшых дзяцей. Дзівам уцалелі ўсе, хоць у палоне пабываў і бацька, і сама Надзея. За што ўзялі Пятра Прохаравіча спачатку ў Дольцы на прымусовыя работы, а потым і ва Ушацкую турму, дакладна не ведалі. Мабыць, махорка падвяла: ён знайшоў бляшанку з тытунём у падмурку, а, напэўна, палічылі, што меркаваў перадаць яго партызанам. Калі палонных трымалі ў будынку мясцовай школы, Надзя часта бегала туды, каб пабачыцца. Гэта ўдавалася, калі бацьку выганялі чысціць снег, а аднойчы перадаў вестку, што іх пераводзяць ва Ушачы. Нават буркі скінула дзяўчына, каб хутчэй дабегчы і паведаміць маці горкую вестку. Ды праз непрацяглы час прыйшла і добрая – вярнуўся гаспадар.
Пра такія вядомыя ў аграгарадку факты як пахаванне камбрыга Аляксея Данукалава Надзея Пятроўна не памятае, усё ж далекавата ад цэнтра Вялікіх Долец іх дом у Засценку, ды і рабілася гэта ўпрыцемку, ну а партызан бачыла штодня. Яны кватаравалі ў бацькоўскай хаце, а ў абавязкі маці ўваходзіла прыгатаванне ежы. Надзея Пятроўна і зараз памятае, як смактала пад лыжачкай, калі маці налівала дзецям суп: “Глядзела і думала, ну чаго ж яна яшчэ кавалачак мяса нам не пакладзе, у агульным катле ж яго многа”.
Падчас прарыву блакады яны на колах разам з іншымі вяскоўцамі паехалі ў бок Ушач. Ды ад бамбёжак вымушаны былі схавацца ў лесе, а потым і вярнуцца. Немцы ж працягвалі аперацыю “Вясенняе свята”, забіралі ўсю жывёлу і адбіралі працаздольных людзей. Прадумвалі ўсё як заўжды рацыянальна. Спачатку Надзя і такія ж крэпкія дзяўчаты гналі да Докшыц жывёлу, а потым іх саміх як скаціну загналі за калючы дрот. Спалі на яловым лапніку ў паветцы з ледзь прыкрытым дахам, днём жа будавалі насып пад чыгунку, увесь дзень трымаючы ў руках рыдлёўкі і запаўняючы ваганеткі. Пасля такой працы вельмі хацелася есці, а давалі ці баланду, ці вельмі малы паёк. “Бульбачкай выручала мясцовае насельніцтва. У мяне была вялікая хустка, мы яе расцягвалі перад дротам, і нам як у сетку кідалі клубні. Так дадаткова варылі сабе падвячорак, у які далучалі зэканомлены кавалачак маргарыну. А аднойчы вароты адчыніліся і прагучала кароткае “Шнэль”. Адпусцілі, а самі ж у спешцы пакавалі ў вагоны чамаданы з нарабаваным скарбам”, – прыгадвае Надзея Пятроўна. Праўда, дамоў так і не вярнулася яе стрыечная сястра і цёзка: ваганетка пакацілася і дзяўчыне парвала нагу. Тры дні ляжала ў той жа паветцы, а потым знікла, сказалі, што забралі на лячэнне разам з тыфознымі. Канечне, ніхто іх не лячыў, а самае крыўднае, што на прымусовыя работы яна трапіла добраахвотна – падмяніла сястру, якая мела дзіця. У вайну загінула тры родных брата яе маці, а ў Бабовішчы спалілі цётку.
За работу ў жывёлагадоўлі жанчына ўзнагароджана медалём “За доблесную працу”.
Надзея Пятроўна выкладала ў пачаткоўцаў спачатку ў Маладолецкай, а потым Заазерскай школах. Класы тады былі вялікія – па 20 чалавек, ды і паралелі меліся. Пазней, калі з’явіліся ўласныя дзеці і вялікая хатняя гаспадарка, перайшла даглядчыцай у мясцовы саўгас (ферма была на месцы).
Яна ніколі не цуралася ніякай работы, трымалі карову, авечак, гусей, на агародзе – ні травінкі, а ў печы – невыводныя дранікі. Пякла вялікія тоўстыя бліны (так заставалася больш часу на гаспадарку), потым рэзала іх, і залівала ў гаршку смятанай. Надзея Пятроўна амаль да 80 гадоў, прычым 17 з іх ужо без мужа, трымала буронку, абыходзіцца без акуляраў і кіёчкаў, хаця зараз ужо існуюць праблемы са зрокам і нагамі. Калі ж пацікавіліся сакрэтам бадзёрага даўгалецця, дачка Валянціна Аляксандраўна, якая прыехала з Светлагорска даглядаць маці, паведаміла, што ежу заўсёды любіла простую, у якой абавязкова прысутнічалі супы. А яшчэ абсалютна не прымае спіртнога, нават па вялікіх падзеях дазваляла сабе пару глыточкаў віна.
Усіх родных збіраюць разам не толькі такія даты, а і поспехі Яраслава і Усевалада Велянцеяў. Браты неаднойчы станавіліся пераможцамі кубка Беларусі па спартыўных танцах, і Надзея Пятроўна сочыць за кожным выступленнем праўнукаў з экрана тэлевізара.
Заўтра ў Засценак прыедзе другая дачка, у былым настаўніца, сёстры, а таксама трое ўнукаў і пяцёра праўнукаў юбіляршы – уся яе дружная сям’я.
Вольга Караленка.
Фота з сямейнага архіва Н.Шалухі.