Весенние поля в резине: как технологии и удобрения помогают аграриям Ушаччины готовиться к урожаю

Сельское хозяйство

Вясной на поле – толькі ў гуме. Актуальна гэта і для тэхнікі.

Вось і “Раса” выйшла на палеткі ў прыгожых высокіх ботах – пнеўматычных шынах, што дазваляе ёй лёгка пераадольваць нават нізіны і пры гэтым не пакідаць каляін і не шкодзіць раслінам. Вось толькі свае даўгія стрэлы-распырсквальнікі пакінула ў гаражы, механізатар Алег Арлоўскі замест бочкі зачапіў раскідвальнік сухіх угнаенняў. Ва ўсіх гаспадарках азотная падкормка вядзецца зараз карбамідам.

Гэты вельмі важны этап работ ідзе поўным ходам. На 14 сакавіка ў раёне падкормлена 24 працэнты зерневых і 12 крыжакветных. Лідзіруе ўчастак “Віцебскаграпрадукта” і “Вялікадолецкае”, дзе падсілкавана каля 500 і 300 гектараў або 64 і 40 працэнтаў збожжавых, а ў “Глыбачанах” – 151 га (50,3) рапсу. Падтрымаць пасля зімоўкі расліны трэба менавіта ў час кушчэння – ад гэтага залежыць ураджайнасць, і прычым, у аптымальна кароткія тэрміны. Здаецца, тэхніка занята пакуль не ўся і можна задзейнічаць больш. Толькі не кожная заедзе на поле, таму такія цэнныя “Раса” і “Дзвіна” на гумовым абутку. А вось унясенне цвёрдых угнаенняў патрабуе большай дакладнасці – іх складаней размеркаваць раўнамерна ў адрозненне ад вадкага КАСа.

Вольга КАРАЛЕНКА.


Алейная рэдзька “падставіла плячо” ў пазамінулае засушлівае лета, замяніўшы значную частку згубленых кармоў. Азімы ячмень паскарае жніво і тым самым змяншае нагрузку на камбайн. Ну а пасеяная восенню пшаніца даўно дае самую лепшую ўраджайнасць зерневых. Кожная пасяўная кампанія абавязкова грунтуецца на аналізе папярэдніх гадоў. Што яшчэ ўлічваецца і прыўносіцца сёлета, мы запыталіся ў намесніка начальніка райсельгасхарча С.А.БЕЛАГРЫЎЦАВА.

– Сяргей Аляксандравіч, лепш за ўсё стаўкі ў раслінаводстве раскрывае структура пасяўных плошчаў. На што робіцца ўхіл сёлета?

– Кардынальным чынам нічога змяніць нельга, паколькі ў нашай зоне рызыкоўнага земляробства не прадкажаш, што ўродзіць лепш. Таму сеем і азімыя, і яравыя зерневыя – плошча ў 10100 гектараў размеркавана паміж імі адпаведна ў 4 і 6 тысяч. Невялікая перавага ў бок апошніх тлумачыцца большай разнастайнасцю менавіта яравых культур, не так даўно з азімых наогул было толькі жыта. А зараз яно саступіла месца азімай пшаніцы, якая сёлета займае 2 тысячы – палову ўсіх зерневых. Захавалі і эксперыментальны азімы ячмень, культуру капрызную, якая аднак рана выспявае і дае магчымасць на некалькі тыдняў паскорыць старт уборкі, што вельмі важна пры нашай вялікай нагрузцы на камбайны. Навука не стаіць на месцы, значна абнавіліся сарты, яшчэ пяцігодку таму царыцу палёў мы расцэньвалі як пастаўшчыка “зялёнкі”, а сёлета і летась тысяча гектараў будзе закладацца менавіта на зерне і меней мінулага года – 1800 – на сілас.

– Аднак асаблівы акцэнт на поўначы краіны робіцца менавіта на кармы?

– Так, менавіта таму ў нас зноў застаецца дзве тысячы гектараў пад алейнай рэдзькай як рэзервовай культурай на выпадак засухі, з якой атрымліваюцца каштоўныя “бутэрброды”, а таксама для паляпшэння севазвароту – яна ачышчае, лечыць глебу ад хвароб, да таго ж яе насенне заўсёды лёгка можна прадаць. Пад рэдзьку будуць падсеяны і шматгадовыя травы. Змяншэнне ж плошчаў пад кукурузу на сілас абумоўлена рэшткамі гэтага корму з папярэдняга года.

– Недастатковы ўраджай на нашых нізкабальных землях тлумачыцца ў тым ліку хранічнай недастатковасцю ўгнаення? Як абстаяць справы сёлета?

– Так, у гэтым наша слабае месца. Мінеральнымі зараз забяспечаны на 31,6 працэнта, аднак радуе, што на 51,3 – калійнымі і на 18 – фосфарнымі, гэта больш чым летась. Прычым гаспадаркі не пералічалі за іх ні капейкі, набыты яны за сродкі абласнога бюджэту, іх задача – толькі вывезці. Недахоп мінеральных часткова перакрываем арганікай, якая ўносіцца на палі. Дарэчы, да сёлетняй пасяўной дзве гаспадаркі (“Ільюшынскі” і “Вялікадолецкае”) атрымалі раскідвальнікі арганічных угнаенняў.

– Што новага яшчэ з’явіцца ў нашых сельгаспрадпрыемствах?

– Названыя вышэй гаспадаркі атрымалі таксама сеялкі дакладнага высеву, што вельмі важна пры вырошчванні кукурузы. Наогул падрыхтоўка тэхнікі праходзіць лепш, чым летась, трактары, напрыклад, цяпер гатовы на 75 працэнтаў, на палі выйдзе 20 энерганасычаных з 22 наяўных, у двух больш складаны рамонт. Ужо падрыхтаваны 21 шыроказахопны плуг з 25, 10 з 11 сеялак. На 98,7 працэнта забяспечаны насеннем. Завозім эліту яравой пшаніцы, гароху, “Ільюшынскаму” атрымалася набыць віку, якая даўно не абнаўлялася. “Сафійскія дары” падзеляцца з гаспадаркамі рэдзькай, летась сабралі 20 тон. Так што галоўнае, як заўсёды, застанецца за захаваннем тэхналогіі, аптымальнымі тэрмінамі сяўбы.

– У зводцы з’явілася табліца, прысвечаная садам. Мы будзем вырошчваць свае яблыкі?

– Такая задача пастаўлена пакуль перад двума раёнамі вобласці, каб не распыляцца, бо садаводства таксама патрабуе шмат спецыфічнай тэхнікі. У нас пазначана 24 гектары старых садоў, якія можна як выкарчоўваць, так і абнаўляць.

Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *