День Конституции в Ушачах: юные граждане Беларуси получили свои первые паспорта

Общество

Традыцыйна да Дня Канстытуцыі па ўсёй краіне праходзіць патрыятычная акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!”. Гэта не толькі сустрэчы моладзі з прадстаўнікамі ўлады, круглыя ​​сталы, семінары, інфармацыйныя выставы, але і прыгожыя цырымоніі ўручэння пашпартоў самым актыўным і таленавітым 14-гадовым школьнікам. У пятніцу “квіткі ў дарослае жыццё” атрымалі і юныя ўшачане.

На ўрачыстасці, што прайшла ў нашым раёне, пашпарты былі ўручаны дзесяці вучням Ушацкай сярэдняй школы. Усе яны дэманструюць поспехі ў вучобе, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім, спартыўным, культурным жыцці.

З Днём Канстытуцыі юнакоў і дзяўчат павіншавала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Марковіч. “Сёння кожны з вас з гонарам можа сказаць: “Я – паўнапраўны грамадзянін сваёй краіны!”. Жадаю, каб вы заўсёды памяталі і беражліва захоўвалі традыцыі нашай дзяржавы, прымнажалі іх сваім розумам і талентам”, – дала наказ падлеткам сенатар і разам са старшым інспектарам групы па грамадзянстве і міграцыі Ушацкага РАУС Таццянай Бандарэнка ўручыла школьнікам пашпарты і Канстытуцыю нашай краіны.

Раздзяліць радасць знакавай для маладых людзей падзеі прыйшлі начальнік аддзела па адукацыі Ушацкага райвыканкама Людміла Давыдава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пётр Алексяёнак, першы сакратар райкама БСРМ Рыта Хрыпель, педагогі, бацькі, сябры. “Мы жывём у моцнай, квітнеючай, незалежнай краіне, – адзначыла, уручаючы шэрагу 14-гадовых школьнікаў падарункавае выданне “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, Л.Давыдава. – Перад вамі адкрыты шырокія гарызонты – зможаце раскрыць свае здольнасці, атрымаць добрую адукацыю, любімую прафесію. Упэўнена, вы прынесяце нашаму грамадству карысць, станеце годнымі людзьмі”.

Для вучня ж Ушацкай школы Цімура Паршонка 15 сакавіка і без таго дата адметная – гэта дзень яго нараджэння. Сёлета ж хлопец прымае віншаванні і з нагоды яшчэ адной важнай падзеі. Прызёр раённай алімпіяды па геаграфіі, актыўны ўдзельнік творчых конкурсаў і школьных мерапрыемстваў у ліку 13 лепшых школьнікаў паўночнага рэгіёну быў запрошаны ў Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы атрымаў свой першы пашпарт. Такую падзею 14-гадовы ўшачанін, канечне, запомніць надоўга: уразіла і экскурсія па музеі ведамства, і інтэрактыўная гульня на веданне Канстытуцыі Беларусі.

Эмоцыі дагэтуль перапаўняюць васьмікласніцу Таццяну Сазонаву з Арэхаўскай школы. Выдатніца вучобы, неаднаразовы прызёр і пераможца раённай алімпіяды па рускай і беларускай мовах, уладальніца дыплома І ступені на Міжнароднай алімпіядзе “Інфаўрок-2024” трапіла ў лік 20 навучэнцаў Прыдзвіння, якім учора пашпарты ўручыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Ён падкрэсліў, што перад юнакамі і дзяўчатамі адкрыты ўсе дарогі. Галоўнае – стаць дастойнымі грамадзянамі роднай Беларусі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *