Ваенная служба спрадвеку лічылася мужчынскай справай, але сваю дастойную лепту ў мацаванне абароназдольнасці Беларусі ўносяць і жанчыны. Сярод іх – ураджэнка Ушацкага раёна Наталля Піскун.
Яе дзяцінства прайшло ў Вялікіх Дольцах, а пасля заканчэння мясцовай школы дзяўчына паступіла ў ВДУ імя П.Машэрава, дзе набыла прафесію настаўніка пачатковых класаў і малявання. Кар’еру пачынала ў Жарскай базавай школе. У Полацкі пагранатрад трапіла ў 2004-м: паступіла на ваенную службу па кантракце на пасаду мастака-чарцёжніка клуба вайсковай часці, а праз пяць год узначаліла гэту ўстанову.
“Як і ўсе вайскоўцы, мы здаём залікі па стральбе, нормах фізічнай падрыхтоўкі. Варта разумець, што ў выпадку неабходнасці жанчыны-ваеннаслужачыя гатовы абараняць дзяржаўную граніцу”, – зазначае Наталля Пятроўна.
Яна не толькі бездакорна выконвае свае непасрэдныя абавязкі, а і актыўна займаецца іншай службовай, грамадскай дзейнасцю: з’яўляецца сакратаром камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, вядзе работу жансавета, уваходзіць у склад савета сходу прапаршчыкаў Полацкага пагранатрада.
Наталлі Пятроўне па плячы любыя справы: жанчына з вясковай загартоўкай і цвік заб’е, і сцяну прасверліць – пасада начальніка клуба ў тым ліку і гаспадарчая. Вядома ж, і мастацкі талент застаецца пры ёй: пры патрэбе возьме ў рукі фарбы, ды і ў сучасных камп’ютарных праграмах арыентуецца. Энергічная, жыццярадасная, з пачуццём гумару, яна зараджае пазітывам усіх, хто побач. А яшчэ Наталля Пятроўна – выдатная гаспадыня, клапатлівая мама дачкі-школьніцы.
“Пагранічная служба – маё жыццё, мой лёс!” – прызнаецца жанчына. А надзвычай адказнае стаўленне да справы дазволіла ёй прайсці прыступкі службовага росту ад радавога да старэйшага прапаршчыка, атрымаць медаль “За бездакорную службу” ІІІ ступені, іншыя ўзнагароды і адзнакі.
Наталля Пятроўна аднолькава важнымі для сябе датамі лічыць і 23 лютага, і 28 мая, калі адзначаецца Дзень пагранічніка, і 8 Сакавіка. Галоўныя ж пажаданні да ўсіх прыгаданых і іншых святаў – міру і спакою. Абароне гэтых каштоўнасцяў і прысвячае сваё жыццё Н.Піскун.
Таццяна ШЧАРБІНА,
Полацкі пагранатрад.