Хацелася б яшчэ раз нагадаць грамадзянам, чым могуць закончыцца парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, асабліва ў дадзены час, калі дзейнічае забарона на здабычу рака вузкапалага. Дастаткова злавіць 27 асобін гэтай жывёліны – і наступае крымінальная адказнасць. Вось некалькі прыкладаў чалавечага імкнення да нажывы.
22 кастрычніка бягучага года супрацоўнікамі Лепельскай МРІ падчас правядзення рэйдавых мерапрыемстваў быў затрыманы жыхар Полацка, які ў перыяд забароны здабываў ракаў вузкапалых падчас падводнага палявання на возеры Бельскае Ушацкага раёна. Урон, прычынены навакольнаму асяроддзю, склаў 10 мільёнаў 552 тысячы 500 рублёў. У сувязі з прычыненнем урону ў асабліва буйным памеры, выклікалася следча-аператыўная група Ушацкага РАУС, якая правяла неабходныя мерапрыемствы. Незаконна здабытыя ракі агульнай вагой сем кілаграмаў, а таксама падводная стрэльба канфіскаваны. Узбуджана крымінальная справа.
26 кастрычніка на тым жа возеры Бельскае Ушацкага раёна былі затрыманы жыхар Мінска і жыхар Фаніпаля Дзяржынскага раёна падчас сумеснай здабычы ракаў вузкапалых. Мінчанін, які злавіў 26 ракаў агульнай вагой адзін кілаграм, прычыніў урон навакольнаму асяроддзю ў памеры 1 мільён 365 тысяч рублёў. Жыхар Фаніпаля злавіў 32 асобіны рака вагой 1,5 кілаграма – урон склаў 1 мільён 680 тысяч рублёў. Матэрыялы накіраваны ў следчыя органы для ўзбуджэння крымінальнай справы. Адпаведны артыкул прадугледжвае штраф або арышт тэрмінам да шасці месяцаў, або абмежаванне ці пазбаўленне волі тэрмінам да двух гадоў.
Ф.КАВАЛЕЎСКІ,
дзяржінспектар Лепельскай МРІ.