Сёння супрацоўнікі ўшацкай аховы адзначаюць 35 гадоў з дня заснавання сваёй арганізацыі. Якраз 12 сакавіка 1990 года пры Ушацкім аддзеле ўнутраных спраў было створана адпаведнае аддзяленне.
З таго моманту мадэрнізавалася сістэма аховы, з’явілася новая сігналізацыя, сучасныя сродкі ўзбраення і матэрыяльная база. За час існавання аховы ва Ушачах раскрыты дзясяткі злачынстваў, у тым ліку і па “гарачых слядах”.
Факт: Пасля спрацоўкі ахоўнай сігналізацыі ва Ушачах не болей чым праз 3-4 хвіліны на месцы будуць супрацоўнікі Дэпартамента аховы.
Сёння пад кантролем аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы знаходзіцца больш за 50 грамадскіх кропак і 183 жылыя памяшканні, у тым ліку і за межамі райцэнтра, устаноўлена і абслугоўваецца больш 70 трывожных кнопак. Дарэчы, за апошні час павялічылася як колькасць ахоўваемых памяшканняў, так і “трывожак”, якія цяпер можна ўстанаваўліваць не толькі на грамадскіх аб’ектах, а і ў кватэры, доме. Пад надзейнай аховай па-ранейшаму знаходзяцца магазіны, суд, райвыканкам, банк, медсклады, а яшчэ супрацоўнікі днём і ноччу сочаць за парадкам на вуліцах гарпасёлка – кожную змену больш сотні кіламетраў намотвае група затрымання.
Пры стварэнні аддзялення 35 гадоў таму ў яго штат былі залічаны 2 брыгадзіры, 55 ахоўнікаў, а таксама 6 міліцыянераў, якія ахоўвалі будынак “Белаграпрамбанка”. Зараз у калектыве працуе 29 чалавек, ён практычна поўнасцю ўкамплектаваны, гатовы прыняць тут у сваю зладжаную каманду яшчэ аднаго міліцыянера.
– Хачу выказаць добрыя словы і пажадаць усяго найлепшага нашым ветэранам, сённяшнім работнікам, а таксама іх сем’ям за разуменне і падтрымку, – адзначае начальнік аддзялення Дзяніс Юр’евіч Прадвечных. – Дзякуй усім службам, якія плённа супрацоўнічаюць з намі. Ну а тыя, хто даверыў пад ахову сваю маёмасць, могуць не сумнявацца – мы не падвядзём!
Вольга КАМАРКОВА.
На здымку: міліцыянер-кінолаг Д.Кемстач, камандзір аддзялення В.Сакалоў, міліцыянер-вадзіцель С.Лабёнак.