Выяўленыя на ранніх стадыях анкалагічныя захворванні ў 95 працэнтах выпадкаў удаецца вылечыць. На гэта акцэнтавала ўвагу на сустрэчы з ушачанкамі намеснік дырэктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.Аляксандрава, член праўлення Беларускага саюза жанчын Іна Салдаценка.
Самастойна не атрымаецца
У Беларусі штогод рэгіструецца больш за 55 тысяч фактаў анказахворванняў. У 60 працэнтах выпадкаў – у жанчын. Часцей за ўсё гаворка ідзе пра рак малочнай залозы і шыйкі маткі, што датычыцца апошняга, то заўважыць яго самастойна на ранніх этапах амаль немагчыма. Паказаць, наколькі важна праводзіць своечасовую дыягностыку, заклікана рэспубліканская акцыя “Здароўе жанчыны – здароўе нацыі”, якая не першы год праводзіцца па ініцыятыве профільнага міністэрства і Беларускага саюза жанчын.
“Спадзяюся, наша сённяшняя гутарка прымусіць вас больш пільна сачыць за станам свайго здароўя, праходзіць абследаванні, дыспансерызацыю, не забываць пра штогадовыя агляды ў гінеколага (нават пры адсутнасці скаргаў)”, – падкрэсліла І.Салдаценка.
На УГД ці мамаграфію?
Рак малочнай залозы займае першае месца сярод злаякасных новаўтварэнняў, якія выяўляюцца ў жанчын. Прычым, часта адбываецца гэта ўжо на позняй стадыі, калі ўрачы не могуць дапамагчы. У гэтай сувязі асаблівую важнасць набывае мамаграфія – інструментальнае абследаванне, якое дазваляе дакладна вызначыць, ёсць ці не ў грудзях пухліна.
Па звестках Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, максімальна часта яны развіваюцца ў жанчын 49+. Таму з гэтага ўзросту ўсе прадстаўніцы прыгожай паловы абавязаны праходзіць мамаграфічнае абследаванне адзін раз у тры гады. Злаякасныя новаўтварэнні (гэта не толькі рак), за выключэннем малой групы захворванняў, не развіваюцца імкліва – як правіла, гэта працяглы працэс, таму маніторынг з такой перыядычнасцю дазваляе медыкам своечасова адсачыць сітуацыю.
⇒ “Калі ў жыхарак вашага раёна будзе жаданне (выказаць яго варта ўрачу-гінеколагу), можам праз абласное ўпраўленне аховы здароўя накіраваць да вас перасоўны мамограф, – зазначыла І.Салдаценка. – Рэгулярна праводзьце і самаабследаванні. Калі ж пры пальпацыі намацалі ўшчыльненне, не панікуйце – звярніцеся да спецыялістаў! У 60 працэнтах выпадкаў выяўленыя новаўтварэнні – дабраякасныя, развіццё якіх справакавалі гарманальныя збоі, інфекцыі, траўмы, генетычная схільнасць.
Пухліны нярэдка ўзнікаюць і ў маладых жанчын, але ім прызначаюць ультрагукавое даследаванне, паколькі ў такім узросце жалезістая тканка малочнай залозы не дае магчымасці ўбачыць праблему з дапамогай мамаскана. Трэба таксама ўлічваць, што незлаякасныя ўтварэнні могуць перарадзіцца, таму важна рэгулярна назірацца ў медыкаў, асаблівую ўвагу звяртаючы на пухліны памерам ад 1,5-2 сантыметраў, якія не змяншаюцца. Уважлівымі трэба быць і да распаўсюджанай фіброзна-кістознай мастапатыі.
⇒ У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для дыягностыкі. Апроч выкарыстання прыгаданых інструментальных метадаў, робіцца гісталагічнае даследаванне пасля забору біяпсіі, а таксама МРТ – каб канчаткова пацвердзіць або абвергнуць дыягназ.
Перадаецца ў спадчыну
Калі рак малочнай залозы выяўляецца на першай стадыі, эфектыўнасць лячэння складае 95-98 працэнтаў, на другой – каля 70%, на трэцяй і чацвёртай – намнога менш. Галоўная небяспека такой анкалогіі ў тым, што яна хутка метастазіруецца, прычым, абсалютна ва ўсе органы. Жанчына можа доўга не ведаць пра наяўнасць праблемы, не звяртаючы ўвагі на, здавалася б, нехарактэрныя сімптомы: галаўныя болі, жаўтушнасць скуры.
Як і ва ўсім свеце, у Беларусі ёсць магчымасць даведацца, наколькі чалавек схільны да развіцця анкалогіі, шляхам правядзення генетычнага тэсціравання. Такое даследаванне – дакладнае, з улікам сямейнага анамнезу. Калі ў родзе (асабліва ў бабуль) былі такія захворванні, – значыць, верагоднасць выявіць іх у нашчадкаў павялічваецца ў разы.
Можна правакцынавацца
Усё часцей рэгіструюць у Беларусі і рак шыйкі маткі. Так, у 2022-м такіх фактаў было 888, памерла 330 жанчын. Прычым, калі 30 гадоў таму пік захваральнасці прыпадаў на пацыентак ва ўзросце 70-74, то цяпер – 40-45. Выяўляюць такую анкалогію і ў 22-25 гадоў.
І.Салдаценка адзначыла, што аб такой праблеме асабліва важна гаварыць, паколькі ў захворвання ёсць прычына – гэта вірус папіломы чалавека (ВПЧ), на сённяшні дзень самая распаўсюджаная інфекцыя, якая перадаецца палавым шляхам. Дарэчы, больш за 90 працэнтаў насельніцтва маюць ВПЧ, а ў 10 працэнтаў з іх (у прадстаўніц з паніжаным ад стрэсу імунітэтам) на працягу 10 гадоў развіваецца анкалогія.
⇒ Павялічваюць рызыку займець рак шыйкі маткі ранні пачатак палавога жыцця, частая змена партнёраў, невыкарыстанне бар’ерных кантрацэптываў, а таксама нелячэнне наяўных інфекцый. Сімптомаў на ранніх стадыях звычайна не бывае. “Нездаровыя” ж выдзяленні, болі, змены ў менструальным цыкле з’яўляюцца толькі тады, калі шансаў на добры зыход становіцца менш.
⇒ Праходзіць ВПЧ-тэсціраванне, каб ацаніць рызыку развіцця рака, рэкамендуецца раз у пяць гадоў. Насцярожыць павінен высокі ўзровень ВПЧ 16 і 18 тыпаў.
ВПЧ адказвае не толькі за рак шыйкі маткі, але і за рак ротавай поласці, анальнага канала. У 130 краінах свету праводзіцца вакцынацыя падлеткаў, звычайна – дзяўчынак. Робіцца гэта да пачатку іх палавога жыцця. Ці ёсць эфект? Безумоўна! У Скандынавіі, напрыклад, у правакцынаваных жанчын на сённяшні дзень рак шыйкі маткі ўвогуле не выяўляецца.
У Беларусі праімунізаваць падлеткаў таксама магчыма. Да нядаўняга часу рабілася гэта па жаданні бацькоў і за ўласныя сродкі, прычым, немалыя – каля 450 долараў. Але са студзеня 2025-га імунізацыя ад ВПЧ уключана ў дзяржаўны каляндар прышчэпак – вакцынаваць дзяўчынак ва ўзросце 11-14 гадоў пачнуць за бюджэтныя сродкі.
⇒ Як нам паведамілі ва Ушацкай ЦРБ, завоз сертыфікаванай вакцыны ў наш раён чакаецца ў маі. Прышчэпку неабходна будзе зрабіць двойчы.
* * *
Падчас мерапрыемства ўшачанкі мелі магчымасць задаць пытанне і атрымаць кансультацыю прама ў зале. Акцыі “Здароўе жанчыны – здароўе нацыі”, ініцыятарам і памочнікам у правядзенні якой выступае старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, прысутныя далі самую высокую адзнаку. Усе дзякавалі госці за цікавую інфармацыю, а старшыні Ушацкай раённай арганізацыі БСЖ Дзіне Садоўскай – за арганізацыю мерапрыемства. Думаецца, што пасля такой размовы многія запісаліся на прыём да “жаночага доктара”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.