Грошы, паколькі на іх можна купіць новы падарунак. Абдымкі – бо кожнаму па памеры і ніхто не пакрыўдзіцца, калі іх вернуць назад. Кніга – так павялося з савецкіх часоў і зараз зноў набывае папулярнасць. А што лічаць лепшым падарункам на 8 Сакавіка нашы чытачы? Такое пытанне напярэдадні свята мы задавалі як жанчынам, так і мужчынам.
Кацярына АНДРЫКОВІЧ: “Лепшым падарункам для жанчын адназначна лічу кветкі. У іх і настрой, і часцінка цяпла, па якім так сумуеш. Прычым, у кожнай з нас свае любімыя віды. Для мяне гэта букет з гіпсафіл, а вось матулю больш за ўсё радуюць хрызантэмы”.
Людміла БАБАЕДАВА: “Лепшым і ўніверсальным падарункам лічу эмоцыі. Іх ніхто не адбярэ, яны не завянуць і не выйдуць з моды. Таму муж і дзеці асабліва не ламаюць галаву над выбарам: ведаюць, што больш за ўсё мяне абрадуе турыстычная пуцёўка, асабліва ў краіны, дзе яшчэ не была”.
Вольга ДУБКО: “Люблю падарункі нечаканыя, спантанныя, без усялякай нагоды. Гэта можа быць проста шакаладка ці смачная гарбата – не важна, галоўнае, што ты адчуваеш – пра цябе памяталі і хацелі зрабіць прыемнае. А вось на 8 Сакавіка падарункаў наогул не люблю, бо ўспрымаю іх як традыцыйны абмен на мужчынскае і жаночае свята”.
Аляксандр КРАЦЁНАК: “Лічу, што падарунак павінен быць карысным, таму сваім жанчынам магу падарыць дарагі алей, комплексныя вітаміны або што-небудзь падобнае і сапраўды патрэбнае. Кветкі, якія пастаяць паўтара дня, ці духі, якія тут жа развеяцца, такімі не лічу”.
Анатоль ТАЛАПІЛАЎ: “На мой погляд, універсальны падарунак – гэта грошы. І табе не трэба ламаць галаву, каб дагадзіць, і жонка сама сабе набудзе тое, што захоча”.
Валянціна БРОЎКА: “Кветкі, сувеніры, касметыка – прыемна атрымліваць усё, бо за імі – перш за ўсё ўвага і любоў сына. Нечаканым аднойчы аказаўся сертыфікат на курс масажу, так што, мужчыны, бярыце на ўзбраенне. Гэта любіць, напэўна, кожная жанчына, а сам сабе купіць часцей за ўсё пашкадуеш”.
Максім ПРАШКЕВІЧ: “Да шлюбу, калі асабліва хацелася ўразіць каханую, я шукаў у інтэрнэце вельмі рэдкія кветкі і заказваў іх. Таксама дарыў гульні – зараз шмат такіх – на выкананне заданняў, з атрыманнем падарункаў і лепшым пазнаннем адзін аднаго. Цікава і нетрадыцыйна”.
Падрыхтавала Вольга Караленка.