Молодой специалист с большим сердцем: как Анастасия Качан заботится о здоровье сельчан в Ореховском ФАПе

Образование и молодежь

“Заходзьце, будзем знаёміцца, – прыветна сустракае нас на Арэхаўскім ФАПе яго загадчык Анастасія Качан. – Пацыентаў з раніцы яшчэ не было, што здараецца нячаста”. Аглядаем у кабінеце закладзены дакументацыяй стол маладога спецыяліста, вялізныя паліцы з медыцынскімі карткамі, выпіскамі, абноўленыя ёмістасці з медрастворамі… Разумеем, што сядзець без справы – нават пры часовай адсутнасці наведвальнікаў – тут не даводзіцца.

На абслугоўванні фельчарска-акушэрскага пункта знаходзіцца аграгарадок, а таксама Шчарбёнкі, Канцавыя, Федаронкі, у якіх пражывае зараз 558 чалавек. У пераважнай большасці гэта пенсіянеры, хаця ёсць, канечне, і людзі сярэдняга ўзросту, дзеці.

“Сваю работу вельмі люблю і ў іншай сябе не бачу! – прызнаецца ўсмешлівая дзяўчына, якая з першага погляду выклікае прыязнасць. – Я мясцовая: нарадзілася і вырасла ў Арэхаўне. Да ФАПа – рукой падаць, ды і ведаю практычна ўсіх, землякі мне давяраюць. Нядаўна, напрыклад, за псіхалагічнай падтрымкай заходзіла аднавяскоўка, якая страціла блізкага чалавека – я хоць і не псіхолаг, але, канечне ж, як магла, пастаралася суцешыць. Калі ў другой палове дня іду па дамах пацыентаў, “загружаюся” максімальна – не толькі каб неабходныя працэдуры зрабіць, але і лекі пажылым людзям прынесці: шкадую ўсіх.

Медыкаў у радні А.Качан не было, што, дарэчы, і падштурхнула яе на атрыманне спецыяльнасці медсястры агульнай практыкі – у любой сям’і мараць пра свайго лекара. З паступленнем на бюджэт у Полацкі медкаледж праблем не ўзнікла: хімію і біялогію выпускніца Арэхаўскай школы ведала на выдатна. Ну а калі прыйшоў час размеркавання, заставацца ў горадзе не пажадала – узяла хадайніцтва ад Ушацкай ЦРБ і вярнулася на малую радзіму.

“Першы месяц быў асабліва цяжкім, – прызнаецца Анастасія. – Трэба было з дакументацыяй разабрацца, афармленню якой нас, студэнтаў, не вучылі. Ды і пацыенты ішлі актыўна – не столькі за дапамогай, колькі для “наладжвання сувязяў”, ну а паралельна прасілі ЭКГ зрабіць, унутрывочны ціск змерыць… Такія насычаныя будні бываюць і зараз, асабліва ў час выдачы пенсій, завозу прадуктаў у паштовае аддзяленне, якое з ФАПам у адным будынку”.

Апроч прыёму і наведвання пацыентаў Анастасія Сяргееўна кантралюе напаўненне ўсім неабходным аптэчнага пункта, актыўна супрацоўнічае са школай – прыходзіць не толькі на медагляды, але і карысныя заняткі для вучняў праводзіць.

Бывалі выпадкі, калі бегла на выклікі ўжо ў пачатку рабочага дня. Так, неяк у вяскоўца скруціла спіну, усю ноч не спаў, аднак у “хуткую” не звяртаўся – чакаў адкрыцця ФАПа, якому давярае. А яшчэ ў аднаго здарыўся прыступ панкрэатыта – патэлефанаваў на 103, але там перанакіравалі мясцоваму медыку. Пасля зробленага мужчыну абязбольвання з улікам сур’ёзнасці праблемы А.Качан усё ж настаяла на яго экстраннай шпіталізацыі.

Вольнага часу ў дзяўчыны нямнога: працуе ж з панядзелка па суботу. Тым не менш, паспявае і блізкіх увагай не абдзяліць, і творчасцю заняцца – напрыклад, любіць маляванне. Зрэшты, шукаць лепшай долі ў гарадах дзяўчына не збіраецца – у Арэхаўне ёй спакойна, камфортна, ды і заробак радуе. І гэта не можа не радаваць вяскоўцаў, пацыентаў мясцовага ФАПа!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *