Армейская тэма лічыцца мужчынскай, але гэтай сферы прысвячаюць свае працоўныя будні і многія жанчыны. Начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Дзмітрый Заікін лічыць, што яму пашанцавала, бо весці справы маёру дапамагаюць умелыя, адказныя ды яшчэ і абаяльныя супрацоўніцы.
Больш 25 год прысвяціла рабоце ў ваенкамаце Ніна Первянёнак. “З маленства з вясковымі хлопцамі ў вайну гуляла: у нашай Лявонаўшчыне тады шмат дзяцей было, тата нам драўляную зброю майстраваў, і мы ладзілі “ваенныя аперацыі” ў навакольных лясах. Так што займацца вайсковымі справамі мне з дзяцінства было наканавана!” – усміхаецца Ніна Васільеўна. І зазначае, што ўдзячна лёсу, які прывёў яе ў райваенкамат. Хоць і кіравалі ўстановай мужчыны, але жанчыны заўжды былі надзейнай апорай і душой калектыву. З цеплынёй і павагай прыгадвае яна Марыю Пятроўну Верташонак, якая прысвяціла гэтай рабоце больш 30 год і заўсёды несла калегам пазітыў, прыемна было працаваць побач са Святланай Уладзіміраўнай Крахотка, Вольгай Юр’еўнай Бяльковіч, Тамарай Аляксандраўнай Дзенісёнак, іншымі калегамі. Зараз Ніна Васільеўна адказвае за пытанні сацыяльнай і прававой абароны ваеннаслужачых, грамадзян, звольненых з вайсковай службы, і членаў іх сямей, вядзе ўлік воінаў-інтэрнацыяналістаў і ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. І канечне, дзеліцца вопытам з маладымі калегамі.
Не так даўно папоўніла калектыў Таццяна Пузатка, якой даручаны улік ваеннаабавязаных. “Змяніла адну сілавую структуру на другую: дагэтуль некалькі год займалася работай з базамі, інфармацыйным забеспячэннем ва Ушацкім РАУС. Зараз жа адказваю за тое, каб у адасобленай групе заўсёды меліся актуальныя даныя пра ўшачан, якія пры патрэбе ўстануць на абарону Айчыны, узаемадзейнічаю з шэрагам арганізацый, якія накіроўваюць нам інфармацыю. Дарэчы, сярод ваеннаабавязаных нашага раёна каля 100 жанчын”, – расказвае Таццяна.
А вось Алесю Фаміну добра ведаюць усе ўшацкія прызыўнікі. Гэта той выпадак, калі чалавек абсалютна на сваім месцы! Нават дзіўна, як гэтая мініяцюрная дзяўчына ўмее арганізаваць будучых навабранцаў, наладзіць строгую дысцыпліну – а ёй даводзіцца не толькі рыхтаваць дакументацыю па кожным прызыўніку, а і іншы раз суправаджаць іх у часці. Пры гэтым Алеся Міхайлаўна дакладна ведае, хто, дзе і як праходзіць тэрміновую службу, трымае цесны кантакт з роднымі хлопцаў. Тыя ж, дэмабілізаваўшыся, абавязкова зазірнуць у яе кабінет, каб прывітацца, падзяліцца сваімі планамі. І невыпадкова А.Фаміна лічыцца адным з лепшых спецыялістаў свайго напрамку не толькі ў вобласці, а і ў рэспубліцы.
Напрыканцы ж артыкула зноў дадзім слова прадстаўніку моцнай паловы гэтага калектыву Д.Заікіну: “Карыстаючыся выпадкам, хачу ад душы павіншаваць са святам не толькі нашых супрацоўніц, а і ўсіх жанчын Ушаччыны! Вы натхняеце нас на самыя лепшыя ўчынкі, і галоўнае, чаго я хачу сёння пажадаць, – каб неба над нашай краінай заўсёды было мірным. Менавіта для выканання гэтай задачы мы прыкладаем усе намаганні!”.
Нельга не прыгадаць і яшчэ аднаго чалавека з гэтага калектыву – каля 30 год Галіна Макараўна Вітэнка адказвае за чысціню і парадак у кабінетах арганізацыі. Вельмі старанная, сціплая, добразычлівая – нямала кампліментаў ад калег пачулі мы ў яе адрас.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымку: Г.Вітэнка, Н.Первянёнак, Т.Пузатка, А.Фаміна.