Женщины за рулём: ушачанки осваивают вождение и бросают вызов стереотипам

Общество

Дзяўчаты за рулём аўто… Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму гэта было нонсэнсам, у што зараз і не паверыш. Так, у групы Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Ушацкага райсельгасхарча, дзе вучаць вадзіцеляў катэгорыі “В”, жанчын запісваецца нават больш, чым хлопцаў. Летась з 67 чалавек, якія прайшлі такое навучанне, прадстаўніц прыгожага полу было 42, ды і ў групе, якая асвойвае вадзіцельскія прамудрасці ў гэтыя дні, дзяўчат 13 з 25.

Ганна Падгол, напрыклад, зараз у дэкрэтным водпуску па доглядзе за малодшай дачушкай, вось і вырашыла карысную справу зрабіць – жыве іх сям’я не ў цэнтры, неўзабаве давядзецца дзяцей у сад і школу падвозіць. Такая ж мэта і ў Марыі Алексяёнак. А Людміла Андзіна мае намер купіць машыну, калі будуць паспяхова здадзены экзамены ў ДАІ.

Увогуле сесці за руль аўто жанчынам ніколі не позна. Як расказаў нам дырэктар цэнтра Дзмітрый Дрозд, самай старэйшай іх вучаніцы было 74 гады! Прыходзяць на заняткі і школьніцы 9-10 класаў – вучыцца на правы можна з 16 год, але атрымаць іх – толькі ў 18. У адказ на пытанне, як дзяўчатам даецца ваджэнне, інструктары Ілья Крыскевіч і Яўген Контараў пажартавалі, што “тармозяць” іх падапечныя толькі ў прамым сэнсе. А калі сур’ёзна, то некаторыя жанчыны нават больш уважлівыя на дарозе, чым мужчыны.

Дарэчы, сярод ушачанак ёсць такія, хто здалі на правы ўжо даволі даўно, але не мелі практыкі, таму хацелі б аднавіць былыя навыкі. Як нам патлумачылі ў цэнтры, калі будзе запатрабаванасць у такой паслузе, тут разгледзяць магчымасць арганізацыі персанальных урокаў ваджэння па выхадных днях.

Асвойваюць ушачанкі і жыхаркі суседніх раёнаў не толькі ваджэнне легкавых аўтамабіляў. Летась тры прадстаўніцы прыгожай паловы прайшлі навучанне на катэгорыю “С” (грузавікі), дзве – на “СЕ” (грузавікі з прычэпам), а зараз адна наша зямлячка ў групе на “D” вучыцца вадзіць аўтобус.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *