Юные художники Ушаччины вдохнули жизнь в экологические темы: итоги конкурса детского рисунка

Образование и молодежь

Падведзены вынікі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу на лепшы дзіцячы малюнак на экалагічную тэматыку. Трэба зазначыць, што ў гэты раз журы спатрэбілася нямала часу, каб выбраць самыя цікавыя работы – сёлета іх аказалася амаль паўсотні, і ў кожнай – стараннасць, мастацкі талент, фантазія, шчырае захапленне прыгажосцю навакольнага свету і неабыякавасць да яго праблем.

Ва ўзроставай групе ад 3 да 5 год перамогу атрымаў Дзіма Юркевіч, які прадстаўляе дзіцячы сад №1 райцэнтра. Сваю конкурсную работу хлопчык аздобіў элементамі аплікацыі. Другі год запар у тройку прызёраў трапляе Васіліса Хрыпель, якая заклікае нас не смеціць (у яе 2-е месца), а 3-е прысуджана рабоце Сашы Севярын, любімымі персанажамі якой з’яўляюцца каты. Вось і на гэтым конкурсным малюнку знакаміты Леапольд выказвае меркаванне, што “Калі чысты свет – гэта добра, а калі наадварот – дрэнна!”. Абедзве дзяўчынкі прадстаўляюць сад №2.

Шмат годных малюнкаў стварылі ўдзельнікі, якім ад 6 да 10 год. Удалай распрацоўкай актуальнай тэмы ўразіў вучань Ільюшынскай школы Арцём Літвін. Юны мастак адлюстраваў на паперы наступствы экалагічнай катастрофы, якая ўзнікла на марскім узбярэжжы з-за аварыі танкераў, што перавозілі мазут. Яго работа прызнана лепшай. 2-е месца прысуджана малюнку прадстаўніцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі Лізаветы Жук, трэцяе – прыгожай рабоце Яўгеніі Пячуры, якая навучаецца ў дзіцячай школе мастацтваў.

Вельмі дастойнымі былі і малюнкі Валерыі Пецкалёвай, аднак дзяўчынцы нядаўна споўнілася 11 – і яна перасягнула ўзроставыя рамкі конкурсу. Тым не менш яе майстэрства не засталося незаўважаным: Лера атрымае суцяшальны прыз ад райкама БРСМ. Яшчэ адзін традыцыйны падарунак – ад рэдакцыі “Патрыёта” – у гэты раз дастанецца выхаванцы сада №1 Жэні Каваленка.

Работы пераможцаў і прызёраў прадставяць раён на абласным этапе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *