56 кіламетраў металічнай агароджы вышынёй у 5,5 метра раздзяляе зараз унікальны нацыянальны парк “Белавежская пушча” на дзве часткі. Ёсць, праўда, 24 брамкі для міграцыі звяроў, аднак яны зачынены польскім бокам, а адтуліны, прадугледжаныя для дробных істот, у большасці месцаў засыпаны зямлёй, лісцем і веццем…
Відавочна, што ў разгар шлюбнага сезона такі штучны бар’ер жывёлам зусім не па душы, аб чым сведчаць шматлікія сляды дзікоў, ліс і зайцаў уздоўж жалезнай заслоны, што размяжоўвае магчымыя пары і перашкаджае рухацца звыклымі сцяжынкамі…
Агароджа – гэта не толькі блакіроўка шляхоў міграцыі жывёл. За час яе будаўніцтва было высечана некалькі гектараў лясных насаджэнняў, пашкоджана каля 1200 дрэў. Можна казаць і пра іншыя наступствы раздзялення – у прыватнасці, пра парушэнне гідралагічнага рэжыму з-за змянення натуральных прыродных працэсаў у наваколлі лясных рэчак, што ўжо прывяло да падтапленняў асобных лясных участкаў.
Збудаванне з’явілася ў 2022 годзе на фоне міграцыйнага крызісу. З таго часу Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Мінпрыроды, іншыя дзяржорганы і арганізацыі вядуць актыўную работу па міжнародным прызнанні негатыўных экалагічных наступстваў узвядзення суседняй краінай загараджальнага збудавання на тэрыторыі аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Прыгаданая арганізацыя неаднойчы накіроўвала польскаму боку рэкамендацыі па змяншэнні ўплыву агароджы, аднак сітуацыя пакуль не мяняецца.