Экология Ушаччины: борьба с борщевиком, защита водных ресурсов и сохранение природных памятников

Общество

У Беларусі пытанням экалогіі надаецца асаблівая ўвага. Дзяржава фінансуе эфектыўныя праграмы і праекты, накіраваныя на вырашэнне адпаведных праблем.

Супраць зялёнага агрэсара

Для нашага раёна самая вострая з іх – распаўсюджанне баршчэўніку. Падрыхтоўка да чарговага сезона ўжо распачалася. Барацьба са шкоднай раслінай будзе не менш маштабнай, чым у мінулым годзе: з бюджэту на гэтыя мэты вылучана 610 тысяч рублёў (летась – 554), у бліжэйшы час пройдзе тэндар, які вызначыць выканаўцу работ па хімічнай апрацоўцы забруджаных плошчаў.

Нагадаем, што летась работы па абмежаванні распаўсюджання баршчэўніку ў нашым раёне былі праведзены на 1612 гектарах (з улікам месцаў, што апрацаваны ў папярэднія гады і знаходзяцца на кантролі).


Не забрудзіць ваду!

Мы ўжо расказвалі пра небяспеку, што ўяўляюць старыя свідравіны. Праз іх у грунтовыя воды могуць трапіць забруджваючыя рэчывы з палёў, жывёлагадоўчых аб’ектаў, сметнікаў, таму вельмі важна закрыць гэтыя адтуліны. Сёлета нашаму раёну на адпаведныя мэты выдзелена 30 тысяч рублёў, за кошт якіх можна затампанаваць 11 свідравін. Актыўна работа вялася і ў мінулым годзе, што дазволіла “абясшкодзіць” 15 аб’ектаў.


Падкажуць знакі

Для таго, каб насельніцтва ведала, дзе знаходзяцца запаведнікі, заказнікі і помнікі прыроды, мела звесткі пра асноўныя іх характарыстыкі і рэжым аховы, ля іх павінны быць устаноўлены інфармацыйныя знакі. Звычайна гэта афіцыйныя стэнды і аншлагі жоўтага колеру. На Ушаччыне яны пакуль ёсць не ля ўсіх падобных аб’ектаў, але гэта работа вядзецца: плануецца, што сёлета інфармацыйныя знакі з’явяцца ля заказніка мясцовага значэння Чарсцвядскі, а таксама ля Сарочынскага, Глыбачанскага і Бярозаўскіх валуноў, что маюць статус помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння.

Асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі ў нашым раёне займаюць 4644 гектары ці 3,12 працэнта агульнай плошчы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *