Сладкий подарок от чистого сердца Владимира Михайловича Костюковича пациентам детского отделения районной больницы

Наш современник

У жыцці заўсёды ёсць месца добрым учынкам. І для гэтага зусім неабавязкова рабіць нешта неверагоднае, галоўнае – прыносіць радасць іншым ад шчырага сэрца. Выкарыстаў магчымасць парадаваць абсалютна чужых людзей Уладзімір Міхайлавіч Касцюковіч з вёскі Новае Сяло. Мужчына нядаўна зрабіў прыемны падарунак пацыентам дзіцячага аддзялення ЦРБ – прынёс ім вялікае вядро мёду, папярэдне зрабіўшы яго аналіз у Полацкай лабараторыі. Гэты каштоўны прадукт зараз уключаюць у харчаванне дзетак, выкарыстоўваюць для накладання кампрэсаў. “Падсалодзіць” малышам дні іх прабывання ў бальніцы, а галоўнае, скараціць колькасць гэтых дзён пасечнік вырашыў яшчэ два гады назад – тады ўпершыню і завітаў да дзетак. У гэтым годзе ўраджай на мёд выдаўся неблагі, а таму зноў прыйшоў у дзіцячае аддзяленне не з пустымі рукамі. На наша пытанне, чаму ён займаецца дабрачыннасцю, У.М.Касцюковіч адказаў коратка і зразумела:
– У мяне таксама ёсць дзеці, унукі. Дык чаму, калі гэта ў маіх сілах, я не магу дапамагчы хворым малышам, якім гэта неабходна? Спадзяюся, што маю ініцыятыву падтрымаюць і іншыя. 
Прыгадаў Уладзімір Міхайлавіч, як пасля вайны яму – яшчэ малому – хацелася салодкага. Пра цукеркі ці торцікі, безумоўна, тады гаворкі і быць не магло, звычайны цукар – і той быў на вагу золата. Каб здабыць чарговую порцыю салодзенькага, прыходзілася выкарыстоўваць пэўныя хітрасці. Падчас сенакосу хлопец у літаральным сэнсе гэтага слова не адыходзіўся ад бацькі. Як толькі натрапіць каса на чмялінае гняздо – пачынаюць разлятацца па баках насякомыя, і галоўнае ў гэты момант – хуценька злавіць хаця б адно ў бляшанку. А праз нейкі час ужо можна было ласавацца нектарам, асцярожна высмоктваючы яго адтуль саломінкай.
Зараз развядзенне пчол для У.М.Касцюковіча – не проста занятак для душы, але і неад’емная частка жыцця. Вось ужо на працягу 30 гадоў займаецца пчалярствам, выкарыстоўвае мёд, пяргу, праполіс у ролі народных лекаў. Дзякуючы іх лячэбным якасцям, як прызнаўся Уладзімір Міхайлавіч, за гады жыцця ні разу не прыйшлося піць антыбіётыкі. Поўнасцю выключыў з рацыёну соль і цукар, лепшым прысмакам да чаю лічыць менавіта мёд. Наогул, па словах майго суразмоўцы, натуральны мёд (усё роўна, на якой траве ён сабраны нястомнымі працаўніцамі) мае высокую каштоўнасць і апраўдвае тыя затраты часу, сіл і сродкаў, якія трэба ўкладваць на ўтрыманне пчол. Ёсць ва Уладзіміра Міхайлавіча свой сакрэт маладосці і бадзёрасці.
– Вып’ю стакан вады, з’ем лыжачку пяргі на сняданак і на прабежку ў лес адпраўляюся. Турнічок на палянцы зрабіў, купаюся лічы што круглы год. Да таго ж не куру, не выпіваю. Бягу туды – адчуваю сябе гадоў на 60 (хаця мне значна больш), а вяртаюся ўжо 40-гадовым.
Да гэтага, напэўна, варта яшчэ дадаць непадробны аптымізм Уладзіміра Міхайлавіча, а таксама шчырае жаданне дапамагаць іншым. Сваімі добрымі ўчынкамі ён не толькі прыносіць радасць людзям, але і сам “зараджаецца” станоўчымі эмоцыямі.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *