Ушачский «Партизан» врывается в лидеры: две победы в дебютных матчах чемпионата области

Cпорт

Прайшоў тыдзень – і на нашых старонках агляд чарговых паядынкаў чэмпіянату вобласці па міні-футболе. Гэтае першынство нечакана ўварвалася ў наша размеранае жыццё і прымусіла ўзмоцнена біцца сэрцы балельшчыкаў. Упершыню за доўгі час ушачане атрымалі магчымасць хварэць за каманду, якой многае па плячы.

Пасля прыгожай перамогі над “Вітінструментам” многія, напэўна, непакоіліся – а раптам гэта было выпадковасцю? Хіба можа навічок турніру вось так браць з месца ў кар’ер? Але паядынак з камандай “Ізумруд-Нафтан” даказаў, што для нашых землякоў няма аўтарытэтаў!

•“Бойкі дэбютант! Ушачы ў сваёй гісторыі згулялі толькі тры матчы і ўжо атрымалі дзве перамогі!” – пракаменціраваў старт нашай каманды адзін з папулярных футбольных паблікаў.

І сапраўды, гульня ўшачан з моцным наваполацкім клубам парадавала: на 6 нашых галоў сапернікі адказалі толькі двума. Дастойна выглядалі хлопцы і ў другім паядынку з “Нафтанам”, і хоць ачкоў не здабылі, стварылі шмат галявых момантаў і патрапалі нервы фаварыту.

• Пасля чатырох тураў “Партызан” з 6-ю ачкамі займае другое месца ў групе і мае добрыя шансы на выхад у плэй-оф.

Мы ўжо расказвалі пра новага іграка нашай каманды Арцёма Гарбаценку, які гуляў за лепшыя клубы вобласці. Зараз ён з пяццю забітымі галамі з’яўляецца лепшым бамбардзірам ушачан, і мы папрасілі футбаліста падзяліцца ўражаннямі пра дэбют у складзе “Партызана”.

“Калі ў снежні ўзначаліў Ушацкі ўчастак электрасувязі “Белтэлекама”, вырашыў далучыцца да спартыўнага жыцця рэгіёна. Даведаўся, што каманда будзе ўдзельнічаць у абласным чэмпіянаце, і запытаўся ў трэнера Рамана Фядосенкі, ці ёсць вольнае месца ў заяўцы, – так і трапіў у “Партызан”, – расказвае Арцём. – Падабаецца, што хлопцы гуляюць з высокай самааддачай, незалежна ад узросту і пасад усе б’юцца адзін за аднаго! Здзіўляюць юныя ігракі, якія хоць і хвалююцца, але смела ўступаюць у барацьбу з дарослымі мужыкамі.

Выдатна выглядаюць Мікіта Жалейка, Мацвей Федарэнка, ды і ў астатніх юнакоў многае атрымліваецца. Асаблівай павагі заслугоўваюць хлопцы, якія працуюць у іншых гарадах і спецыяльна прыязджаюць, каб згуляць за Ушачы. Сярод такіх – наш мужны Віця Іванковіч, які, на жаль, у паядынку з “Ізумрудам-Нафтанам” атрымаў сур’ёзную траўму – разрыў пярэдніх крыжападобных звязак. Жадаем яму хутчэйшага выздараўлення і вяртання на футбольную пляцоўку!

Што яшчэ парадавала – дык гэта ўвага ўшачан да чэмпіянату. У прыватнасці, прыемна было бачыць на трыбунах старшыню райвыканкама Сяргея Садоўскага і яго намесніка Генадзя Ягорава. Спадзяёмся, дарагія балельшчыкі, што вы і надалей будзеце прыходзіць на нашы гульні – з такой падтрымкай у нас усё атрымаецца!”

• Апошнія два паядынкі адборачнага этапу пройдуць на нашым комплексе ў сярэдзіне сакавіка.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *