Юные самбистки Ушаччины завоевали медали и внимание тренеров сборной

Cпорт

Юныя прадстаўніцы адзінаборстваў настолькі прывучылі нас да сваіх перамог, што іх медалі на рэйтынгавых спаборніцтвах мы ўжо ўспрымаем як належнае. Рэспубліканская спартакіяда па самба, якая сабрала ў алімпійскім комплексе “Стайкі” навучэнцаў беларускіх спартыўных школ 2009-2010 гадоў нараджэння, у чарговы раз пацвердзіла высокі ўзровень Ушацкай СДЮШАР – Улада Цюкала і Саша Міхаль заваявалі “срэбра” і “бронзу” адпаведна.

Да юных самбістаў прыглядаліся трэнеры зборнай краіны, а фіналістаў заносілі ў базу перспектыўных спартсменаў. “Уладзіслава аўтаматычна трапіла ў гэты спіс, а вось Аляксандру дадалі туды ў парадку выключэння – па асабістым указанні галоўнага трэнера нацыянальнай каманды, які бачыў яе паядынак за выхад у фінал і ацаніў патэнцыял. Саша абсалютна на роўных змагалася з моцнай саперніцай і пры аднолькавых балах саступіла толькі таму, што атрымала спрэчнае папярэджанне ад суддзі. Было вельмі крыўдна! Нават заваяваная потым “бронза” не надта парадавала. Але такія моманты загартоўваюць характар”, – дзеліцца ўражаннямі трэнер Святлана Фядосенка.

Дастойна выступілі на спартакіядзе Кацярына Рубанік і Карына Лецкая, якія сталі пятымі ў сваіх катэгорыях і прынеслі заліковыя балы камандзе Віцебскай вобласці.

Ацаніў выступленне ўшачанак і ахвотна сфатаграфаваўся з нашымі медалісткамі славуты беларускі самбіст, неаднаразовы пераможца чэмпіянатаў свету і Еўропы Аляксандр Кокша (на здымку), які, дарэчы, рабіў першыя спартыўныя крокі ў невялікім райцэнтры Дуброўна. Хочацца спадзявацца, што праз пэўны час і ўшацкія дзяўчаты стануць зоркамі падобнага ўзроўню.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *