Для вырабу правадоў і кабеляў, элементаў і дэталяў электраабсталявання выкарыстоўваюцца каляровыя металы, у якіх некаторыя грамадзяне бачаць крыніцу даходу.
За досыць невялікія грошы ад здачы металалому зламыснікі гатовы правакаваць аварыйныя сітуацыі, у выніку якіх без святла могуць застацца цэлыя населеныя пункты, а галоўнае, падвяргаць сваё жыццё смяротнай небяспецы!
Пры спробах крадзяжу каляровых металаў нярэдка гінуць падлеткі. 5 студзеня бягучага года два юнакі зайшлі ў неэксплуатуемае памяшканне на тэрыторыі сталічнага прадпрыемства. Адзін з хлопцаў вырашыў зрэзаць нажоўкой драты, якія аказаліся пад напружаннем 10000 Вольт. Ад дотыку да іх 16-гадовы падлетак атрымаў электратраўму несумяшчальную з жыццём.
Трагічны выпадак адбыўся ў мінулым сакавіку ў адным з рэгіёнаў Віцебшчыны. Супрацоўнік міліцыі паведаміў дыспетчару раёна электрасетак пра мужчыну, што ляжыць без прыкмет жыцця ў памяшканні трансфарматарнай падстанцыі. Як высветлілася, небарака спрабаваў разабраць трансфарматар…
Варта нагадаць, што ў электраўстаноўках з напругай вышэй за 1000 Вольт паражэнне электрычным токам можа наступіць не толькі пры дакрананні да токаправодных частак, якія знаходзяцца пад напружаннем, а і пры набліжэнні да іх. Зусім недарэмна на трансфарматарных падстанцыях і размеркавальных пунктах мацуюць таблічкі з грозным папярэджаннем: “Не залазь, заб’е!”
Катэгарычна забараняецца:
- залазіць на апоры паветраных ЛЭП, пранікаць на тэрыторыі і ў памяшканні электрасеткавых збудаванняў;
- набліжацца да абарваных правадоў, што ляжаць на зямлі, агароджы ці іншых будынках, на адлегласць менш за 10 метраў.
Калі вы ўбачылі, што нехта спрабаваў пранікнуць у трансфарматарныя падстанцыі, размеркавальныя пункты, зрэзаць правады ЛЭП, неадкладна паведамляйце пра гэта па адзіных нумарах 144, 115 або ў праваахоўныя органы.
Сяргей ЯРМОШ, начальнік энергагазінспекцыі Ушацкай РЭГІ.