Масленіца – адно са старажытных святаў, якое захавала папулярнасць і шырока адзначаецца ў нашы дні. У мінулыя выхадныя ва ўсіх рэгіёнах краіны развітваліся з зімой і сустракалі вясну, падтрымалі даўнюю традыцыю і ўшачане, сабраўшыся на святочнае мерапрыемства ля раённага цэнтра культуры.
Трэба сказаць, зіма ў гэты дзень ніяк не хацела саступаць свае пазіцыі вясне – ішоў мокры снег, а хмары не давалі ходу сонечным прамяням. Але такое непрыемнае надвор’е ўсё ж не спужала дзяцей і дарослых. Культустановы, бібліятэка, цэнтр дзяцей і моладзі, сектар спорту і турызму прапанавалі шмат конкурсаў і гульняў. Напрыклад, можна было праверыць трапнасць у кіданні імправізаваных снежак і кольцаў, з закрытымі вачыма паставіць кацялок у печ, адгадаць загадкі, пакатацца на кані. Не праходзілі ўдзельнікі свята міма сувеніраў, вырабленых майстрамі Дома рамёстваў, гурткоўцамі аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Цікавай праграмай з песнямі, танцамі і прыпеўкамі парадавалі культработнікі.
У народзе Масленіца спрадвечна лічылася самым сытным святам, і пачастункаў дакладна хапіла ўсім. Акрамя гаспадынь з культустаноў раёна частавалі ўсіх блінамі прадстаўніцы працоўных калектываў, якія стараліся, каб было не толькі смачна, а і арыгінальна. Аладкі, бліны з тварагом, сырам, грыбамі, каўбасой, варэннем – усе віды начынкі нават і не пералічыць.
Праводзіць конкурс на лепшы масленічны блін ва Ушачах ужо стала традыцыяй. Сёлета паўдзельнічаць у ім пажадалі 8 калектываў.
Вылучыць сярод мноства смачнага самае лепшае, канечне, няўдзячная справа, таму журы адзначыла ўсіх у розных намінацыях. “Чаравалі над блінамі цэлы вечар напярэдадні, акрамя звычайных зрабілі бліны-ролы і нават рознакаляровыя, якія аформілі ў выглядзе кветак”, – казалі лясгасаўскія гаспадыні, узяўшы прыз у намінацыі “Самае прыгожае бліннае афармленне”. На любы густ нагатавалі бліноў гаспадыні з дзіцячага сада №1: “Нашы талеркі хутка апусцелі, а значыць землякам спадабалася. Гатовы падзяліцца рэцэптамі!” – казалі яны і заслужана заваявалі перамогу ў намінацыі “Самы шырокі асартымент масленічных бліноў”. Кулінары з райбальніцы эксперыментавалі з начынкамі, за што атрымалі перамогу у адпаведнай катэгорыі. Самым тонкім бліном змаглі пахваліцца прадстаўніцы дзіцячага сада №4, самы вялікі стос аказаўся ў іх калег з сада №3. Самы арыгінальны блін выпек калектыў Ушацкай школы, самы ажурны – ТЦСАН, сад №2 вылучыўся незвычайнай стравай. Выбраць самы лепшы блін падчас дэгустацыі і аддаць свой голас у выглядзе сонейка было прапанавана ўсім гледачам. “Гэта складаная задача! Бліны не толькі на смак удалыя, а і прыгожыя – у форме лялек, мяшочкаў, рулетаў. Усе малайцы і ўсіх можна вылучыць”, – разважалі ўдзельнікі свята. І ўсё ж прыз глядацкіх сімпатый адправіўся ў дзіцячы сад №3.
Кульмінацыяй мерапрыемства стала спальванне чучала Зімы. Лічыцца, што гэты рытуал сімвалізуе не толькі провады халоднага адрэзка года, але і тое, што ў вогнішчы гараць нашы няўдачы і іншы негатыў, накоплены за зіму.
Вольга КАМАРКОВА.