Уроки жизни и математики: история учительницы Анастасии Храповицкой из Ушач, которая вдохновляет учеников

Образование и молодежь

Адстаяць па 7-8 урокаў ля школьнай дошкі, расказваючы дзецям то пра дробы ў арыфметыцы, то пра тэарэмы з геаметрыі. Паспець за 10-15 хвілін перапынку і журнал запоўніць, і ацэнкі ў дзённікі выставіць. А потым яшчэ стосы сшыткаў з кантрольнымі праверыць, класныя мерапрыемствы прадумаць, планы-канспекты напісаць… Справіцеся? Ушачанка ж Анастасія Храпавіцкая робіць гэта ўжо 11-ы год, прычым з вялікім задавальненнем.

Пра педагогіку Насця марыла з дзяцінства. З захапленнем назірала, як заўсёды ярка, разнапланава вядзе ўрокі яе настаўніца, а зараз калега Наталля Васільеўна Стрыжонак, і ўжо падбірала сабе падыходзячую ВНУ. Калі ж у 10 класе з’явілася магчымасць паглыблена вывучаць у школе фізіку/матэматыку, ды яшчэ пад патранатам выкладчыкаў БНТУ, пагадзілася – так і веды па прадметах умацавала, і ў правільнасці свайго прафесійнага выбару ўпэўнілася.

Скончыўшы Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя М.Танка, А.Храпавіцкая вярнулася на Ушаччыну. Не толькі таму, што выйшла замуж за мясцовага хлопца – была ўпэўнена, што пачынаць кар’еру на малой радзіме значна прасцей: ёсць да каго звярнуцца, з кім параіцца… Зрэшты, так і выйшла. Яшчэ падчас вытворчай практыкі, якую праходзіла ў Ільюшынскай школе, Анастасія Анатольеўна загарэлася надзеяй стаць часткай менавіта гэтага калектыву. Яго кіраўніком быў у той час паважаны ў раёне чалавек, вопытны педагог Аляксандр Мікалаевіч Азевіч, у якога хацелася многаму навучыцца. У аддзеле ж па адукацыі такому імкненню маладога спецыяліста толькі парадаваліся.

– Насычаны графік у мяне быў заўсёды: з урокамі, факультатывам, класным кіраўніцтвам, – расказвае А.Храпавіцкая. – Калі ў школе штосьці не паспяваю – дакументацыю, праверку сшыткаў бяру на дом. Ну а там разам з дачушкамі Ульянай і Сафіяй, якія вучацца ў 9 і 3 класах, гэтак жа саджуся за “ўрокі”, праўда, звычайна яны хутчэй спраўляюцца.

Ці можа яна на занятках голас павысіць? Бывала – трэба ж дысцыпліну трымаць! Пажартаваць? Абавязкова – з дзецьмі педагог стараецца быць на адной хвалі. Дарэчы, у сельскай школе з апошнім прасцей, чым у горадзе: калі ў класах па 3-7 вучняў, кожнаму паспееш увагу ўдзяліць – падтрымаць, калі штосьці не адразу атрымліваецца, пахваліць за дасягнуты поспех.

Поспехаў у навучэнцаў Анастасіі Анатольеўны нямала. Нядаўна, напрыклад, усёй школай парадаваліся лепшаму выніку на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы васьмікласніцы Улады Урбан. Добрыя веды па прадмеце дэманструюць і іншыя.

– Што цікава, матэматыку выкладаю ва ўсіх класах, акрамя пятага, кіраўніком якога з’яўляюся, – усміхаецца А.Храпавіцкая. – Аднак за іх падрыхтоўку не перажываю: Н.В.Стрыжонак, як некалі мяне, абавязкова і навучыць, і зацікавіць.

Гучыць званок – і педагог зноў спяшаецца да сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Любыя цяжкасці, як прызнаецца, у зносінах з імі адыходзяць на другі план. Разуменне ж таго, што матэматычныя веды так ці інакш спатрэбяцца ў жыцці кожнаму, надаюць сіл, жадання працаваць.

У ліку захапленняў Анастасіі – алмазная мазаіка, карціны па нумарах, вышыўка і кулінарыя. Летам займаецца агародніцтвам на дачы ў Праніках.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *